Cerca

Vatican News
Папа Францішак і Патрыярх Барталамей. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак і Патрыярх Барталамей. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: Дух Святы прыспешвае хрысціянаў да поўнай еднасці

Францішак скіраваў адмысловы ліст да Патрыярха Канстантынопальскага Барталамея I, у якім патлумачыў значэнне перададзеных ім раней у дар Канстантынопальскай Царкве фрагментаў рэліквій св. Апостала Пятра.

“У спакоі, які нараджаецца з малітвы, я адчуў, што важнае значэнне меў бы той факт, што асобныя фрагменты рэліквій Апостала Пятра знаходзяцца побач з рэліківіямі Апостала Андрэя”, - напісаў Святы Айцец.

Рэліквіі былі перададзены 29 чэрвеня 2019 г. дэлегацыі Канстантынопальскага Патрыярхату падчас св. Імшы ў Ватыкане ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла.

“Спадзяюся, што гэтая думка прыйшла да мяне ад Духа Святога, які такімі шматлікімі спосабамі прыспешвае хрысціянаў ізноў прыйсці да поўнай еднасці”, - заўважыў Пантыфік. Па яго словах, гэта жэст, якім хацелася б пацвердзіць шлях, пераадолены Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой дзеля таго, каб наблізіцца адзін да аднаго: “шлях, часам абавязваючы і складаны, аднак які суправаджаўся відавочнымі знакамі Божай ласкі”.

У лісце Папа таксама падкрэсліў, што, каб працягваць гэты шлях, патрэбны “"духоўнае навяртанне і абноўленая вернасць Пану, які чакае ад нас большай залучанасці і новых, мужных крокаў”. Францішак дадаў, што цяжкасці і рознагалоссі не павінны адрываць хрысціян, асабліва душпастыраў Касцёла, ад іх абавязку і адказнасці перад Богам і гісторыяй.

Пантыфік узнавіў гісторыю адшукання магілы св. Пятра, якая “хутка стала месцам пілігрымавання” і на месцы якой “імператар Канстанцін загадаў ўзвесці ватыканскую базыліку ў гонар св. Пятра”. Ён нагадаў таксама, што дзякуючы раскопкам, ініцыяваным у 1939 г. папам Піем XII, пад галоўным алтаром базылікі ў 1952 г. была знойдзена пахавальная ніша з шэрагам надпісаў на ёй, сярод якіх – грэчаская фраза “Пётр – тут”. У нішы знаходзіліся астанкі, як лічыцца, св. Пятра. Дзевяць іх фрагментаў св. Папа Павел VI пажадаў захаваць у прыватнай капліцы папскіх апартаментаў у Апостальскім Палацы. “Менавіта гэты рэлікварый я пажадаў дараваць Яго Святасці і ўлюбёнай Канстантынопальскай Царкве”, - патлумачыў Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 верасня 2019, 15:10