Vatican News

Францішак: журналіст павінен быць свабодным перад аўдыторыяй

60-годдзе Каталіцкага саюза італьянскай прэсы стала нагодай для аўдыенцыі ў Пантыфіка. 23 верасня 2019 г. у Ватыкан прыбылі каля 200 прадстаўнікоў прафесійна-касцёльнага аб’яднання.

Францішак заклікаў журналістаў выконваць сваю місію, заўсёды абапіраючыся на веру, павагу да гісторыі чалавецтва і клопат пра антрапалагічныя і этычныя аспекты камунікацыі.

“Для абнаўлення вашай гармоніі з дактрынай Касцёла, я заклікаю вас быць голасам сумлення журналістыкі, здольнай адрозніць дабро ад зла, выбраць гуманнае і адмовіцца ад нялюдскага. Журналіст – летапісец гісторыі – закліканы рэканструяваць памяць аб фактах, працаваць на сацыяльную згуртаванасць, гаварыць праўду любой цаной: існуе таксама парэзія журналіста, заўсёды з павагай, ніколі не нахабна”, - звярнуў увагу Папа.

Святы Айцец заклікаў сваіх гасцей заўсёды “заставацца свабоднымі перад аўдыторыяй: прамаўляць у евангельскім стылі: “так, так”, “не, не”, бо што звыш гэтага, тое ад злога (Мц 5, 37)”.

“Камунікацыя патрабуе сапраўдных слоў сярод такой колькасці пустаслоўя. І ў гэтым на вас вялікая адказнасць: вашы словы расказваюць свету і фармуюць яго, вашы гісторыі могуць ствараць прастору свабоды ці рабства, адказнасці або залежнасці ад улады. (...) Дазвольце сабе зрабіць уклад у выкрыццё ілжывых і разбуральных слоў. У эпоху Інтэрнэту задача журналіста – выявіць надзейныя крыніцы, кантэкстуалізаваць, інтэрпрэтаваць і іерархізаваць іх”, - рэкамендаваў Францішак.

Папа лічыць, што супрацоўнікі СМІ не павінны баяцца даваць голас тым, у каго яго няма, публікаваць “добрыя навіны”, якія ствараюць “сацыяльнае сяброўства”, фарміраваць супольнасці думак і жыцця, здольныя чытаць знакі часу.

“Такія асацыяцыі, як ваша, для таго, каб і надалей пладаносіць, павінны быць у стане пакорліва распазнаць і падрэзаць “сухія галіны”, якія высахлі менавіта таму, што з часам страцілі сувязь з каранямі”, - заўважыў Пантыфік.

Францішак спаслаўся на абвешчанага ў 2010 г. благаслаўлёным журналіста Мануэля Ласана Гарыда, які жыў у часы грамадзянскай вайны ў Іспаніі. У сваім “Дэкалогу журналіста” ён рэкамендаваў “плаціць валютай шчырасці”, “працаваць хлебам чыстай інфармацыі з соллю стылю і закваскай вечнасці”, а таксама падаваць “не кандытарскія вырабы і вострыя стравы, а хутчэй добры глыток чыстага і надзейнага жыцця”.

Навіна ў фармаце аўдыё
23 верасня 2019, 13:07