Vatican News
Понтэ-Марандзі пасля абвалу. Ілюстрацыйнае фота Понтэ-Марандзі пасля абвалу. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Святы Айцец напісаў ліст у гадавіну генуэзскай катастрофы

Францішак запэўніў у сваёй малітоўнай памяці пра загінулых і пацярпелых у абвале Понтэ-Марандзі – пуцеправода на аўтастрадзе А10 ля Генуі. Ён звярнуўся з адмысловым лістом праз газету “Il Secolo XIX”.

“Хачу сказаць вам, што я не забыўся пра вас, што маліўся і малюся за ахвяр, за іх сем’і, за параненых, за перасяленцаў, за ўсіх вас, за Геную”, - напісаў Святы Айцец у першую гадавіну катастрофы, у выніку якой загінулі 43 асобы.

Пантыфік заўважыў, што пасля такіх падзей боль, выкліканы стратамі, вельмі пакутлівы і нялёгкі для пераадолення. Пачуццё безнадзейнасці ва ўмовах катастрофы, якой можна было б пазбегнуць, таксама зразумелае. Ён адзначыў, што ў абліччы падобнага кшталту падзей няма “гатовых адказаў”, бо ў некаторых сітуацыях “чалавечых слоў становіцца недастаткова”, прыходзяць слёзы, маўчанне і пытанні пра крохкасць таго, што будуем. Папа падкрэсліў ролю малітвы ў такіх сітуацыях.

Святы Айцец нагадаў, што яго бацька адправіўся ў Аргентыну з порта Генуі. Ён заклікаў жыхароў горада паглядзець на Езуса, Які “перад намі прайшоў праз пакуты і смерць”. “Быў пагарджаны, прыніжаны, пабіты, прыбіты да крыжа і варварскім чынам забіты”. Папа адзначыў, што Божым адказам на пакуты чалавека з’яўляецца Яго прысутнасць у Езусе Хрысце. “Давайце паглядзім на Яго, даверым Яму нашыя пытанні, наш боль, наш гнеў”, - напісаў ён.

“Мы людзі, поўныя заганаў і слабасцей, але ў нас ёсць Міласэрны Айцец, да Якога можам звярнуцца, Укрыжаваны і Уваскрослы Сын, Які ідзе з намі, Святы Дух, Які дапамагае і суправаджае нас. У нас ёсць Нябесная Маці, якая пастаянна распасцірае свой плашч над намі, ніколі не пакідаючы нас”, - напісаў Францішак.

Святы Айцец падкрэсліў, што жыхары Генуі “здольныя на вялікія жэсты салідарнасці”, яны не здаюцца і ўмеюць стаяць побач з тымі, каму гэта больш за ўсё патрэбна.

“Я таксама хацеў бы сказаць, што вы не самотныя, таму што хрысціянская супольнасць, Касцёл у Генуі, з вамі, перажывае разам пакуты і цяжкасці. Чым больш мы ўсведамляем сваю слабасць, нявызначанасць нашага чалавечага стану, тым больш мы выяўляем прыгажосць міжасобасных адносін, сувязяў, якія злучаюць нас, такіх як сем’і, супольнасці і грамадства”, - заўважыў Францішак.

“Пасля вялікай трагедыі, ад якой пацярпелі вашыя сем’і і ваш горад, вы змаглі зрэагаваць, устаць і паглядзець у будучыню. Не губляйце надзеі, не дазваляйце, каб яе скралі ў вас. Працягвайце заставацца з тымі, хто найбольш пацярпеў”, - напісаў Святы Айцец жыхарам Генуі.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 жніўня 2019, 12:28