vatican-pope-audience-1507977346496

Папа: сапраўднае багацце – адносіны з уваскрослым Хрыстом

Нашы рукі павінны стаць рукамі Хрыста, Які дапамагае людзям падняцца, падкрэсліў Папа падчас першай пасля летняга перапынку агульнай аўдыенцыі. Яна прайшла 7 жніўня 2019 г. у Ватыкане.

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаных Дзеям Апосталаў, Пантыфік нагадаў, што вучні Хрыста прапаведавалі Евангелле не толькі на словах, але і праз “канкрэтныя ўчынкі, якія сведчылі пра праўдзівасць абвяшчэння”. Яны рабілі “цуды і знакі”, якія пацвярджалі іх словы і дэманстравалі, што яны дзейнічаюць у імя Хрыста. Больш за тое, сам Хрыстус дзейнічаў “разам з імі”, а цуды, былі аб’яўленнем Яго боскасці.

Каментуючы апавяданне пра аздараўленне кульгавага каля ерузалемскай святыні (Лк 3,3-6), якое ўчынілі Пётр і Ян, Францішак заўважыў, што яно мае выразную місійную мэту, накіраваную на абуджэнне веры.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што апосталы прыйшлі да святыні ў дзевяць. Гэта быў час, калі рабілася спаленне ахвяры на знак адзінства народа з Яго Богам, і час, калі памёр Хрыстус, “раз і назаўсёды” прыносячы ў ахвяру самога сябе. Паколькі Закон Майсея забараняў уваходзіць у святыню асобам з калецтвам, бо яны лічыліся наступствам цяжкога граху, кульгавы, што з’яўляўся “парадыгмай шматлікіх адчужаных і адрынутых грамадствам”, прасіў міласціну каля яе брамы пад назвай Прыгожая. Менавіта тут яго заўважыў Пётр, які сказаў: “Срэбра і золата не маю, але што маю, тое даю табе: у імя Езуса Хрыста з Назарэта, устань і хадзі!” (Дз 3,6), - нагадаў Папа.

“[Апосталы наладзілі зносіны, паколькі гэта той спосаб, праз які Богу падабаецца аб’яўляцца – у зносінах, заўсёды ў дыялогу, заўсёды аб’яўляючыся, заўсёды ў натхненні сэрца – гэта адносіны Бога з намі, – у рэальнай сустрэчы паміж людзьмі, якая можа адбыцца толькі ў любові]”

, - дадаў ён.

Францішак заўважыў, што ў выніку сустрэчы з апосталамі “жабрак атрымаў не грошы, але Імя, якое збаўляе чалавека: Езуса Хрыста з Назарэта”. “Пётр заклікаў імя Езуса, загадаў кульгаваму ўстаць на ногі, у пазіцыю жывых, дакрануўся да гэтага хварога, узяў яго за руку і суцішыў яго – учыніў жэст, у якім св. Ян Хрызастом бачыў “вобраз уваскрасення”, нагадаў Пантыфік.

“Тут выяўляецца аблічча Касцёла, які заўважае людзей, што знаходзяцца ў складанай сітуацыі, не заплюшчвае вочы, мае здольнасць глядзець у твар чалавецтву, каб будаваць грунтоўныя адносіны, масты сяброўства і салідарнасці замест бар’ераў. Тут выяўляецца аблічча “Касцёла без межаў, які адчувае сябе маці ўсіх”, здольнага браць за руку і весці, каб суцяшаць, а не асуджаць”, - зазначыў Святы Айцец.

“[Гаворка ідзе пра “мастацтва суправаджэння”, пазначанае далікатнасцю, з якой набліжаемся да “святой зямлі іншага”, надаючы “нашай дарозе здаровы рытм блізкасці з позіркам, які сведчыць пашану і паўнату спачування, але адначасова лечыць, вызваляе і заахвочвае да сталасці ў хрысціянскім жыцці”]”

, - дадаў ён.

Паводле Францішка, “Пётр і Ян вучаць нас пакладаць надзею не ў сродках, хоць яны і карысныя, але ў багацці, якім з’яўляюцца адносіны з Уваскрослым”. “Насамрэч, мы – як сказаў бы св. Павел, – “убогія, але многіх узбагачаем; нібы нічога не маем, але ўсім валодаем” (2 Кар 6,10). Наша ўсё – гэта Евангелле, якое паказвае моц імя Езуса, што здзяйсняе цуды”, - падкрэсліў Папа.

“А мы – кожны з нас, – чым валодаем? Дзе наша багацце, дзе наш скарб? Чым можам узбагаціць іншых? Папросім Айца аб дары ўдзячнай памяці, каб памятаць пра ласкі Яго любові ў нашым жыцці, каб даць усім сведчанне хвалы і ўдзячнасці. Не будзем забываць: заўсёды працягнутая рука, каб дапамагчы іншаму падняцца – гэта рука Езуса, Які праз нашы рукі, дапамагае падняцца іншым”, - сцвердзіў Пантыфік.

Пасля катэхезы Францішак прывітаў пілігрымаў, прысутных на плошчы св. Пятра, і пажадаў ім заставацца сведкамі і апосталамі блізкасці Бога да чалавека.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 жніўня 2019, 12:44