Пошук

Зала абслугоўвання кліентаў Ватыканскага банка. Ілюстрацыйнае фота Зала абслугоўвання кліентаў Ватыканскага банка. Ілюстрацыйнае фота 

Папа дапоўніў статут Ватыканскага банка: будзе знешні рэвізор

Статут Інстытута рэлігійных спраў, зацверджаны Янам Паўлам ІІ у 1990 г., быў абноўлены. Уведзена функцыя знешняга рэвізора. Каталіцкія прынцыпы называюцца асновай місіі Ватыканскага банка.

Фінансавая структура была створана ў 1942 г. Піем XII. Ужо ў 1944 г. той жа Папа ўнёс першыя змены ў рэгламент яе функцыянавання.

Францішак, у апублікаваным 10 жніўня 2019 г. хірографе, абнавіў статут Інстытута рэлігійных спраў ad experimentum на два гады, лепш адаптуючы яго да актуальных патрэб. Мэта Інстытута застаецца нязменнай, перад ім стаіць задача “забяспечваць клопат і кіраванне рухомай і нерухомай маёмасцю, перададзенай або даручанай Інстытуту фізічнымі або юрыдычнымі асобамі і прызначанай для рэлігійных і дабрачынных ініцыятыў”.

Адной з галоўных навінак з’яўляецца ўвядзенне функцыі знешняга рэвізора, якім можа быць фізічная асоба або кампанія. Такім чынам, у Інстытута больш не будзе трох унутраных рэвізораў. Знешні рэвізор прызначаецца Камісіяй кардыналаў пры Ватыканскім банку па прапанове Рады па наглядзе і выконвае сваю працу на працягу трох фінансавых гадоў, максімум два тэрміны. Ён адказвае за праверку бухгалтарскага ўліку, які тычыцца балансу Інстытута і вывучэння бухгалтарскай дакументацыі. Можа запытаць і атрымаць ад Інстытута любую патрэбную інфармацыю для сваёй рэвізійнай і аўдытарскай дзейнасці.

З гэтага часу ў рамках Ватыканскага банку дзейнічаюць чатыры органы: Камісія кардыналаў, якая складаецца з пяці асоб, прызначаных Папам на адзін пяцігадовы тэрмін; Рада па наглядзе, якая складаецца з сямі членаў і прызначаецца Камісіяй кардыналаў на адзін пяцігадовы тэрмін; Прэлат, якога прызначае таксама Камісія кардыналаў на адзін пяцігадовы тэрмін і які павінен сачыць за “этычным вымярэннем” жыцця і працы служачых, іх адпаведнасці каталіцкім прынцыпам і місіі ўстановы, а таксама захоўваць архіў кардынальскай камісіі; Генеральны дырэктар, які можа быць прызначаны на пэўны або на нявызначаны тэрмін, паўнамоцтвы якога аднак завяршаюцца ва ўзросце 70 гадоў (раней у выключных выпадках гэты парог мог быць перавышаны).

Быў дададзены новы параграф, які датычыць персаналу: усе супрацоўнікі Інстытута, якія знаходзяцца на пастаяннай занятасці, маюць абавязак выключнай працы ў Інстытуце. Яны не могуць ажыццяўляць іншую дзейнасць: касцёльную ці свецкую, платную ці бясплатную, а таксама весці камерцыйную дзелавую дзейнасць унутры ці за межамі Дзяржавы Ватыкан.

Уводзіцца пасада Адзінага сакратара Рады, які адказвае за праходжанне пасяджэнняў рад і камісій, а таксама за іх пратаколы. Уведзены больш жорсткія правілы “вербалізацыі” сустрэч: падчас кожнай неабходна весці “верны, дакладны і поўны” пратакол, які ў канцы павінен быць прачытаны, зацверджаны і адпраўлены ў архіў.

Інстытут рэлігійных спраў меў у 2018 г. 14 953 кліенты: 53% – гэта манаскія кангрэгацыі; 12% – ведамствы Рымскай курыі, структуры Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан, а таксама Апостальскія нунцыятуры; 9% – біскупскія канферэнцыі, дыяцэзіі і парафіі; 8% – так званыя ўстановы кананічнага права; 8% – кардыналы, біскупы і духавенства; 8% – ватыканскія супрацоўнікі і пенсіянеры; і 2% – іншыя суб’екты.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 жніўня 2019, 12:55