Пошук

Vatican News
Францішак з моладдзю. Ілюстрацыйнае фота Францішак з моладдзю. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Папа наведае цэнтр для беднай моладзі ў сталіцы Мазамбіку

Невялікія змены былі ўнесены ў праграму афрыканскага візіту Францішка, які пройдзе 4-10 верасня 2019 г. У абноўленую версію трапіла падзея, якая будзе мець месца 5 верасня ў Мапуту, сталіцы Мазамбіку.

Гаворка ідзе пра прыватны візіт у Дом “Мацвей 25”, дзе жывуць бедныя падлеткі. Ініцыятыва стварэння дабрачыннай установы належыць Апостальскай нунцыятуры ў афрыканскай дзяржаве. Яна была рэалізавана ў супрацоўніцтве з больш чым 20 мясцовымі манаскімі кангрэгацыямі для дапамогі бедным і бяздомным маладым людзям і дзецям. Аб зменах у праграме паведаміла Зала Друку Святога Пасаду.

Нагадаем, што падчас свайго падарожжа ў тры краіны Паўднёва-Усходняй Афрыкі – у Мазамбік, на Мадагаскар і Маўрыкій, – Францішак сустрэнецца з палітычным істэблішментам, каталіцкім епіскапатам, духоўным кіраўніцтвам канфесій і рэлігій трох краін. У Мапуту ён паедзе да хворых у сталічны шпіталь, узначаліць Эўхарыстыю на стадыёне.

Лагатыпы візіту Папы ў тры афрыканскія краіны
Лагатыпы візіту Папы ў тры афрыканскія краіны

На Мадагаскары Пантыфік памоліцца ў жаночым кармэлітанскім кляштары, наведае катэдру, дзе звернецца да мясцовага епіскапату з прамовай, узначаліць малітоўную вігілію з мадагаскарскай моладдзю, здзейсніць візіт у штаб-кватэру гуманітарнай асацыяцыі AKAMASOA, правядзе малітву за рабочых і сустрэчу з мясцовым духавенствам і кансэкраванымі асобамі.

Інтэнсіўная праграма трэцяга этапу падарожжа – у Порт-Луі на Маўрыкіі, – уключыць Эўхарыстыю, абед з епіскапатам, візіт у санктуарый св. Жака Лаваля.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 жніўня 2019, 13:10