Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: няхай Бог зробіць трывалым прымірэнне ў Мазамбіку

Да супольнай малітвы аб трывалым братэрскім прымірэнні ў Мазамбіку заклікаў Францішак жыхароў гэтай краіны ў адмысловым відэазвароце, які запісаў напярэдадні Апостальскага падарожжа ў Афрыку.

“Праз некалькі дзён пачнецца мой візіт у вашую краіну, і, хоць я не магу паехаць за межы яе сталіцы, маё сэрца дасягае і абдымае ўсіх вас, маючы асаблівае месца для тых, хто жыве ў складаных умовах. Я хацеў бы пакінуць вам гэтае запэўненне: вы ўсе прысутныя ў маіх малітвах. Не магу дачакацца сустрэчы з вамі”, - адзначыў Папа ў пасланні, якое распаўсюдзіла 30 жніўня 2019 г. Зала Друку Святога Пасаду.

Пантыфік падзякаваў Прэзідэнту краіны і мясцовым біскупам за запрашэнне і заахвоціў кіраўніцтва, рэлігійных лідараў і жыхароў Мазамбіка далучыцца да яго малітвы аб тым, каб Бог, Айцец усіх людзей, зрабіў трывалым “братэрскае прымірэнне ў Мазамбіку і ва ўсёй Афрыцы – адзіную надзею на ўстойлівы і працяглы мір”.

“Буду мець радасць асабіста падзяліцца з вамі гэтымі перакананнямі і ўбачыць, як расце зерне, пасеянае маім папярэднікам св. Янам Паўлам II. Гэтае падарожжа дасць мне магчымасць сустрэцца з каталіцкай супольнасцю і падтрымаць яе ў яе сведчанні Евангелля, якое навучае адносна годнасці кожнага чалавека і патрабуе адкрыць нашыя сэрцы на іншых, асабліва на бедных і патрабуючых”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец падзякаваў усім тым, хто ўдзельнічае ў падрыхтоўцы яго візіту ў Мазамбік, благаславіў гэтую краіну і даручыў яе апецы Маці Божай.

Мазамбік – першая з трох краін, якія наведае Францішак падчас свайго Апостальскага падарожжа на афрыканскі кантынент. У ходзе паездкі, якая будзе праходзіць з 4 па 10 верасня 2019 г., ён таксама пабывае на Мадагаскары і Маўрыкіі.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 жніўня 2019, 13:00