Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Пантыфік заклікаў падтрымліваць карэнныя народы

Францішак у чарговы раз нагадаў пра важнасць падтрымкі карэннага насельніцтва і клопату пра навакольнае асяроддзе. Адмысловы зварот ён змясціў у сваімі Твітэры.

“Карэнныя народы, з іх разнастайнасцю моў, культур, традыцый і мудрасцю продкаў, нагадваюць нам, што мы ўсе нясём адказнасць за клопат пра стварэнне, якое Бог нам даверыў”, - напісаў Папа ў сваім акаўнце @Pontifex. 9 жніўня 2019 г. адзначаўся Міжнародны дзень карэнных народаў свету, устаноўлены ААН у 1994 г.

Святы Айцец неаднаразова падкрэсліваў важнасць абароны правоў карэнных народаў і заклікаў іх захоўваць сваю ідэнтычнасць. Так, у ліпені 2018 г., падчас канферэнцыі, прысвечанай трэцяй гадавіне энцыклікі “Laudato si’”, Францішак заклікаў звярнуць асаблівую ўвагу на карэннае насельніцтва з яго культурнымі традыцыямі. Сумна бачыць, заўважыў ён, што землі карэнных народаў захопліваюцца, а іх культура затоптваецца драпежным падыходам, новымі формамі каланіялізму, якія сілкуюцца культурай адчужэння і спажывальніцтва.

У студзені 2019 г., звяртаючыся да ўдзельнікаў Першых сусветных дзён карэннай моладзі, якія адбыліся ў Панаме ў рамках традыцыйных Сусветных дзён моладзі, Пантыфік залікаў маладое пакаленне берагчы сваю культуру, свае карані.

Таксама хуткі Сінод па Амазоніі з’яўляецца выразам увагі Папы і Касцёла да карэнных народаў. На ім будзе звернута ўвага ў тым ліку і на тое, што зямля для індзейскіх народаў – гэта не эканамічны рэсурс, але дар Бога і продкаў, месца захоўвання тоеснасці і каштоўнасцей.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 жніўня 2019, 11:00