Пошук

Vatican News
Францішак падчас св. Імшы. Ілюстрацыйнае фота Францішак падчас св. Імшы. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Пантыфік заклікаў даследаваць і адкрываць прыгажосць літургіі

Папа Францішак запрасіў удзельнікаў 70-га Літургічнага тыдня ў Італіі даследаваць і адкрываць прыгажосць і сэнс літургіі. Ён скіраваў сваё пасланне праз кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна.

Святы Айцец нагадаў, што гэтая ініцыятыва, якая рэалізуецца на працягу апошніх гадоў па чарзе ў розных італьянскіх дыяцэзіях, паспрыяла лепшаму пазнанню і паглыбленню шляху літургічнай рэформы, уведзенай Другім Ватыканскім Саборам.

Пантыфік падкрэсліў, што плён літургіі павінен выспяваць у паўсядзённым жыцці, каб хрысціянскае сведчанне было паслядоўным. У той жа час ён заклікаў да прыняцця мер, якія дапамогуць зразумець, што літургія з’яўляецца крыніцай і вяршыняй жыццёвай сілы Касцёла, і нагадаў, што Хрыстус заўсёды прысутнічае ў сваім Касцёле, і асабліва ў літургіі.

Святы Айцец заклікаў больш уважліва ставіцца да літургічных цэлебрацый. Тут ён спаслаўся як на святароў, так і на ўсіх іншых, адказных у Касцёле за літургію. Францішак заклікаў да вывучэння сэнсу літургіі і сімвалічнай мовы, у тым ліку мастацтва, спеву і музыкі ў служэнні цэлебраванай таямніцы. Ён нагадаў таксама пра важнасць маўчання. Святы Айцец падкрэсліў, што містагогія з’яўляецца лепшым указальнікам на шляху, на якім вучымся з захапленнем прымаць новае жыццё, атрыманае дзякуючы сакрамэнтам.

Італьянскі Нацыянальны літургічны тыдзень праходзіць сёлета у Месіне, на Сіцыліі. Яго дэвізам з’яўляюцца словы: “Літургія: заклік да хроснай святасці для ўсіх. Пакліканыя быць святымі і беззаганнымі перад Ім у любові” (Эф 1,4)”.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 жніўня 2019, 12:42