Пошук

Св. Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа Св. Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа 

Пантыфік: захапляцца мужнасцю св. Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа

Францішак заклікаў вернікаў да сапраўднага навяртання да Хрыста па прыкладу св. Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа, чый успамін Касцёл будзе адзначаць 9 жніўня.

Эдыта Штайн, гэта свецкае імя святой, нарадзілася ў вельмі рэлігійнай яўрэйскай сям’і ў Вроцлаве. Аднойчы яна была моцна ўражана незвычайным даверам да Бога адной жанчыны, муж якой загінуў на вайне, і тады ў Эдыты абудзілася цікавасць да хрысціянства. Зрабіць канчатковы выбар на карысць Хрыста ёй дапамог жыццяпіс св. Тэрэзы Авільскай, прачытаўшы які, Эдыта Штайн ва ўзросце 31 года вырашыла прыняць хрост, хоць гэта і выклікала асуджэнне з боку родных. У 1934 г. яна ўступіла ў ордэн кармелітак у Кёльне, нягледзячы на пачуццё віны перад маці, якая намагалася стрымаць яе ад гэтага кроку. Эдыта прыняла ў ордэне імя Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа.

“Я запрашаю ўсіх паглядзець на яе мужны выбар, які выяўляецца ў сапраўдным навяртанні да Хрыста, а таксама на дар яе жыцця, скіраваны супраць усіх форм нецярпімасці і ідэалагічнага скажэння”, - сказаў Францішак 7 жніўня 2019 г. падчас агульнай аўдыенцыі.

Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа загінула ў газавай камеры канцэнтрацыйнага лагера Аўшвіц 9 жніўня 1942 г. У 1998 г. была кананізаваная Янам Паўлам ІІ, які абвясціў яе апякункай Еўропы.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 жніўня 2019, 11:42