Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік нагадаў пра важнасць трансцэндэнтнасці ў адукацыі

З нагоды Міжнароднага дня моладзі, Францішак нагадаў пра адзін з самых важных аспектаў адукацыі. Папа далучыўся да ўрачыстасці праз свой Твітэр.

Па ініцыятыве Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Міжнародны дзень моладзі адзначаецца 12 жніўня пачынаючы з 2000 г. Яго мэта – нагадаць пра ролю маладых людзей у пабудове і развіцці свету, а таксама пра праблемы, з якімі яны сутыкаюцца. Сёлетняя тэма – адукацыя, усёабдымная і даступная для ўсіх.

На дзевяцімоўным папскім акаўнце ў сацыяльнай сетцы з’явілася наступнае кароткае паведамленне: “Адукацыя з даляглядам, адкрытым на трансцэндэнтнасць, дапамагае моладзі марыць і будаваць лепшы свет”.

Трэба адзначыць, што Пантыфік дастаткова часта звяртаецца да тэмы моладзі ў кантэксце адукацыі. Так, у пачатку чэрвеня, у словах да ўдзельнікаў кангрэса, прысвечанага каталіцкай адукацыі і выхаванню ў Злучаных Штатах, Францішак адзначыў, што каталіцкія навучальныя ўстановы прызначаны для фарміравання гуманізму, канцэпцыі грамадства, дзе захоўваюцца правы чалавека, паважаюцца каштоўнасці справядлівасці і міру, існуюць правільныя адносіны паміж людзьмі, грамадствам і дзяржавай.

Але для гэтага, на думку Папы, існуюць розныя перашкоды, і адна з іх – дэгуманізацыя, якая заключаецца ў тым, што празмерны індывідуалізм і спажывецтва перашкаджаюць супрацоўніцтву, падрываюць агульныя каштоўнасці і асноўныя правілы суіснавання. Для адказу на гэты выклік неабходна адкрыць гарызонты трансцэндэнтнасці, паклапаціўшыся аб выхаванні духоўных каштоўнасцей у моладзі, лічыць Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 жніўня 2019, 13:37