Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік падтрымаў духоўную ініцыятыву на карысць Сірыі

Святы Айцец падтрымаў духоўную ініцыятыву на карысць сірыйскага народа. Падрабязнасцямі акцыі падзяліліся яе арганізатары – прадстаўнікі Папскага фонду “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”.

Ад пачатку вайны ватыканская дабрачынная арганізацыя рэалізавала ў Сірыі каля 850 праектаў на больш чым 35 мільёнаў еўра. Зараз яна распачала духоўную ініцыятыву пад назвай “Суцеш мой народ”, да якой далучыўся Святы Айцец.

“Матэрыяльнай дапамогі не дастаткова. Сірыйскі народ патрабуе таксама духоўнай падтрымкі і нашай малітоўнай блізкасці”, - падкрэсліў у каментары для “Vatican News” Томас Хайнэ-Гельдэрн, выканаўчы дырэктар Папскага фонда.

15 жніўня 2019 г., ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Францішак прыняў на прыватнай аўдыенцыі дэлегацыю дабрачыннага аб’яднання і благаславіў шэсць тысяч ружанцаў. Іх атрымаюць хрысціянскія сем’і, члены якіх былі забіты ці выкрадзены ў ходзе ўзброенага канфлікту.

Ружанцы будуць раздадзены 15 верасня, у свята Сямі Пакут Найсвяцейшай Панны Марыі, калі ва ўсіх сірыйскіх парафіях будуць праходзіць спецыяльныя малітвы за ахвяр вайны і іх родных. Разам з ружанцамі сем’і атрымаюць па асобніку Бібліі на арабскай мове і крыжы з аліўкавага дрэва, зробленыя ў Святой Зямлі па ініцыятыве Праваслаўнай Царквы. У гэты дзень Францішак благаславіць у Ватыкане ікону Маці Божай Балеснай Суцяшальніцы сірыйскага народу.

“Мы прагнем нагадаць пра трагедыю Сірыі, бо пражэктары міжнароднай грамадскай думкі былі цалкам пагашаны над гэтай краінай. Сцвярджаецца нават, што вайна там закончылася, але яна працягваецца і прыносіць чарговыя ахвяры”, - падкрэсліў Алесандра Монтэдура, старшыня італьянскага аддзялення “Дапамогі Касцёлу ў патрэбе”.

“Гэтыя шэсць тысяч ружанцаў, благаслаўлёных Папам, з’яўляюцца канкрэтным знакам нашай духоўнай падтрымкі для змучаных сем’яў, як каталіцкіх, так і праваслаўных, якія падчас вайны спазналі страшэнныя пакуты. Вельмі шмат маці былі вымушаны аплакваць смерць сваіх дзяцей, вельмі шмат дзяцей жыве без айцоў, якія былі выкрадзены. Менавіта думаючы пра іх, і пры падтрымцы Францішка, мы вырашылі арганізаваць гэты малітоўны час суцяшэння (...). Мы перакананы, што такая духоўная падтрымка будзе для іх перыядам умацавання”, - дадаў прадстаўнік ватыканскай дабрачыннай арганізацыі.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 жніўня 2019, 09:35