Кубінская каталіцкая моладзь. Ілюстрацыйнае фота Кубінская каталіцкая моладзь. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік да маладых вернікаў Кубы: непахісна наследуйце Марыю

Папа Францішак пажадаў хрысціянскай моладзі Кубы зазнаць радасць, якая нараджаецца ад сустрэчы з Езусам Хрыстом, і будаваць сваё жыццё на вернасці і міласэрнасці.

З нагоды II Нацыянальнага дня моладзі Кубы, які адзначаўся 1 жніўня 2019 г., Пантыфік скіраваў да арцыбіскупа Санцьяга-дэ-Куба прывітальную тэлеграму за подпісам Дзяржсакратара Яго Святасці, кардынала Пьетра Параліна.

Францішак заахвоціў арганізатараў і ўдзельнікаў свята, дэвізам якога былі абраны словы “Вось Я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова”, “непахісна наследаваць Марыю”.

Святы Айцец пажадаў кубінскай моладзі зазнаць радасць, “якая нараджаецца ад сустрэчы з Езусам Хрыстом”, і, будучы сведкамі Яго Уваскрасення, быць гатовымі ператварыцца ў паслядоўнікаў-місіянераў, “каб многія іншыя маладыя людзі маглі адчуць прысутнасць Пана Езуса, пачуць Яго заклік, узрастаць у Яго сяброўстве і такім чынам пражываць жыццё, заснаванае на вернасці і міласэрнасці”.

На пачатку ліпеня архідыяцэзія Санцьяга-дэ-Куба прыняла рашэнне, што ў гэтым годзе з-за эканамічнага крызісу ў краіне Дзень моладзі Кубы будзе святкавацца ў форме шэрагу асобных сустрэч на ўзроўні дыяцэзій. Пазней стала таксама вядома, што ўлады краіны забаранілі ўсім дыяцэзіям, за выключэннем архідыяцэзіі Санцьяга-дэ-Куба, арганізоўваць свята ў публічных месцах. Рэагуючы на гэтае рашэнне, арцыбіскуп Санцьяга-дэ-Куба заўважыў, што яно толькі падштурхнула “прыкладаць яшчэ большыя намаганні, каб дасягнуць першапачатковых мэт і ўбачыць у гэтых падзеях Божую прысутнасць”.

Навіна ў фармаце аўдыё
02 жніўня 2019, 13:31