Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак для “La Stampa”: пра будучыню ЕС, мігрантаў і Амазонію

Адзінства ў Еўрапейскім Саюзе, міграцыйны крызіс і будучы Сінод Біскупаў па Амазоніі былі галоўнымі тэмамі вялікага інтэрв’ю Францішка італьянскаму выданню “La Stampa”. Яно было апублікавана 9 жніўня 2019 г.

Першае пытанне, на якое адказаў Пантыфік, тычылася яго чаканняў адносна Еўрапейскага Саюза. “Еўропа не павінна раз’яднацца. Яна з’яўляецца больш гістарычнай і культурнай, чым геаграфічнай супольнасцю. Мара айцоў-заснавальнікаў набыла форму, паколькі заключалася ў рэалізацыі гэтай еднасці. Зараз нельга згубіць такой спадчыны”, - падкрэсліў ён. Папа выказаў задавальненне тым, што на пасаду старшыні Еўрапейскай камісіі была абрана жанчына. “Жанчыны маюць здольнасць аб’ядноўваць”, - лічыць ён.

Францішак лічыць, што адным з галоўных выклікаў для краін-членаў Еўрасаюза з’яўляецца дыялог, у якім у спачатку трэба думаць пра Еўропу, а потым пра ўласныя інтарэсы. “У рамках ЕС трэба размаўляць, абменьвацца поглядамі, знаёміцца, але часам мы бачым толькі кампрамісныя маналогі”, - з жалем заўважыў Пантыфік.

Папа перакананы, што зыходным пунктам у дыялогу павінны быць чалавечыя і хрысціянскія каштоўнасці, якія аб’ядноўваюць еўрапейскі кантынент. “Калі я кажу пра гэта, не раздзяляю на католікаў, праваслаўных і пратэстантаў. Праваслаўныя маюць вельмі каштоўнае значэнне для Еўропы. Мы ўсе маем тыя ж фундаментальныя каштоўнасці”, - дадаў ён.

Паводле Святога Айца, дыялог унутры еўрапейскай супольнасці павінен адбывацца з павагай да тоеснасці кожнага яе члена. “Тоеснасць – гэта культурнае, нацыянальнае, гістарычнае, мастацкае багацце”, і менавіта грунтуючыся на ёй трэба адкрыцца на дыялог, каб атрымаць “штосьці большае з тоеснасці іншых”, - лічыць Пантыфік.

Францішак выказаў заклапочанасць ізаляцыянісцкай палітыкай некаторых еўрапейскіх дзяржаў. “Краіна павінна быць суверэннай, а не закрытай. Суверэнітэт павінен абараняцца, але таксама павінны абараняцца і развівацца адносіны з іншымі краінамі, з еўрапейскай супольнасцю”, - заўважыў ён.

Гаворачы аб праблемах, выкліканых міграцыйных крызісам, Папа нагадаў пра фундаментальныя прынцыпы, якімі трэба кіравацца ў адносінах да людзей, вымушаных пакідаць свае краіны ў пошуках міру і больш годнага жыцця: “прымаць, суправаджаць, падтрымліваць і інтэграваць”.

Святы Айцец звярнуў увагу на дэмаграфічны крызіс у Еўропе і недахоп у рабочай сіле, у прыватнасці ў сельскагаспадарчым сектары. “Мне распавядалі, што ў адной еўрапейскай краіне, па прычыне дэмаграфічнага спаду, некаторыя мястэчкі стаяць напалову пустыя: можна было б перамясціць туды эмігранцкія супольнасці, што, між іншым, дапамагло б ажывіць мясцовую эканоміку”, - падзяліўся ён.

Францішак лічыць, што рашэннем праблемы павінна быць спыненне войнаў і павелічэнне інвестыцый у развіццё бедных краін. Такім чынам можна будзе дапамагчы ім вырашыць унутраныя праблемы і спыніць міграцыйныя патокі, - падкрэсліў Папа.

Гаворачы пра кастрычніцкі Сінод Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне, Святы Айцец выказаў занепакоенасць вырубкай лясоў і сітуацыяй карэннага насельніцтва ў гэтай частцы свету. У той жа час, ён падкрэсліў, што асамблея не ператворыцца ў “нараду навукоўцаў і палітыкаў”, але будзе насіць евангелізацыйны характар. Яе галоўнай тэмай стане евангелізацыя рэгіёну.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 жніўня 2019, 11:45