Пошук

Лагатып 40-й Сустрэчы сяброўства паміж народамі ў Рыміні Лагатып 40-й Сустрэчы сяброўства паміж народамі ў Рыміні  

Францішак: дапамагчы сучаснікам убачыць аблічча Хрыста

Папа скіраваў пасланне да ўдзельнікаў Сустрэчы сяброўства паміж народамі ў італьянскім Рыміні, якую вось ужо 40-ы год арганізуе каталіцкі рух “Камунія і вызваленне” (Comunione e liberazione).

У дакуменце, падпісаным кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам, Святы Айцец нагадаў, што “Хрыстус палюбіў нас, даў сваё жыццё за нас, за кожнага з нас, каб сцвердзіць наша выключнае і непаўторнае аблічча”.

“Але чаму так важна, каб сёння зноў загучала гэта пасланне? Бо шматлікія нашы сучаснікі падаюць пад ударамі жыццёвых выпрабаванняў, застаюцца самотнымі і пакінутымі. Часта на іх глядзяць як на статыстычныя дадзеныя. Падумаем пра тысячы людзей, якія штодзённа ўцякаюць ад вайны і беднасці: першы чым лічбамі, яны з’яўляецца абліччамі, асобамі, імёнамі і гісторыямі. Мы ніколі не павінны забываць пра гэта, асабліва, калі культура адчужэння маргіналізуе, дыскрымінуе і выкарыстоўвае, пагражаючы годнасці чалавека”, - гаворыцца ў тэксце.

Паводле Францішка, існуе вялікая колькасць “забытых людзей”, якія тэрмінова патрабуюць “убачыць аблічча Пана, каб адшукаць саміх сябе”. Гэта немагчыма зрабіць толькі дзякуючы розуму ці пэўнай стратэгіі, але “скіроўваючы позірк на аблічча Езуса і становячыся блізкім з Ім”.

“Вось таямніца жыцця, якая дазваляе перастаць быць ананімнымі: угляданне ў Езуса ачышчае позірк і рыхтуе да таго, каб глядзець новымі вачыма. Сустракаючы Езуса, сузіраючы Сына чалавечага, бедныя і простыя зноў знаходзяць сябе, адчуваюць сябе да глыбіні любімымі бязмежнай Любоўю”, - заўважаецца ў тэксце.

У гэтым кантэксце важна, каб у свеце была адметнай прысутнасць хрысціян, носьбітаў паслання, якога найбольш прагнуць людзі нашага часу. “Мы будзем “арыгінальнымі”, калі наша аблічча будзе адлюстраваннем аблічча ўваскрослага Хрыста”, - гаворыцца ў папскім пасланні да ўдзельнікаў найбуйнейшага сходу свецкіх католікаў у Італіі.

Навіна ў фармаце аўдыё

 

17 жніўня 2019, 13:30