Пошук

Vatican News
Кардынал Акіле Сільвестрыні падчас сустрэчы з Францішкам у 2013 г. Кардынал Акіле Сільвестрыні падчас сустрэчы з Францішкам у 2013 г. 

Францішак засмучаны смерцю кардынала Акіле Сільвестрыні

Папа накіраваў спачувальную тэлеграму ў сувязі са смерцю кардынала Акіле Сільвестрыні, якога назваў “умелым і гнуткім дыпламатам, пастырам, верным Евангеллю і Касцёлу”.

95-гадовы італьянскі іерарх памёр 29 жніўня 2019 г. у Рыме.

Жыццё былога прэфекта Кангрэгацыі Усходніх Касцёлаў і аднаго з вядучых дзеячаў ватыканскай дыпламатыі было верным пакліканню святара, уважлівага да патрэб іншых, напісаў Пантыфік. Ён выказаў блізкасць родным памерлага і ўсім, хто ведаў і паважаў яго, а таксама дыяцэзіяльнай супольнасці Фаэнца-Мадзільяна, якая лічыць яго адным з сваіх самых праслаўленых сыноў.

Святы Айцец з глыбокай удзячнасцю ўзгадвае служэнне кардынала Сільвестрыні, якое ён ажыццяўляў падчас сямі пантыфікатаў у Дзяржаўным сакратарыяце і ў Рымскай курыі. “Узношу памінальную малітву, каб Бог прыняў яго ў радасць вечнага супакою і ўдзяляю суцяшальнае апостальскае благаслаўленне тым, хто падзяляе горыч гэтай страты”, - напісаў Францішак.

Акіле Сільвестрыні нарадзіўся 25 кастрычніка 1923 г. недалёка ад Равэны. Пасля вучобы ў духоўнай семінарыі ў 1946 г. стаў святаром. Ва ўзросце 30 гадоў паступіў на дыпламатычную службу Святога Пасаду, займаўся адносінамі з міжнароднымі ўстановамі, актыўна ўдзельнічаў у працэсах міратворчасці, раззбраення і абароны правоў чалавека.

У 1971 г. Сільвестрыні суправаджаў арцыбіскупа Агасціна Казаролі падчас яго паездкі ў Маскву: тады быў падпісаны дакумент аб далучэнні Святога Пасаду да Дамовы аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі. У пачатку 1980-х прэлат узначальваў ватыканскую дэлегацыю па пераглядзе Латэранскіх пагадненняў з італьянскім урадам. У 1979 г. св. Ян Павел II удзяліў яму біскупскую сакру, а ў 1988 г. узвёў у годнасць кардынала, неўзабаве прызначаючы прэфектам Вярхоўнага трыбунала Апостальскай сігнатуры. З 1991 па 2000 гг. іерарх быў прэфектам Кангрэгацыі Усходніх Касцёлаў.

Са смерцю Акіле Сільвестрыні Калегія кардыналаў складаецца з 215 іерархаў, з якіх 118 – выбаршчыкі.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 жніўня 2019, 11:49