Пошук

1562245221385.JPG

Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта Расіі

4 ліпеня 2019 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Палітык сустрэўся таксама з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам.

Падчас сардэчных перамоў бакі пацвердзілі добрыя двухбаковыя адносіны, якія атрымалі далейшае развіццё падпісаннем пратакола аб узаемаразуменні адносна супрацоўніцтва паміж шпіталём “Bambino Gesu” і педыятрычнымі бальніцамі Расійскай Федэрацыі. Былі закрануты таксама праблемы экалогіі і некаторыя актуальныя пытанні міжнароднай павесткі дня, якія тычацца, у прыватнасці, Сірыі, Украіны і Венесуэлы.

Рэпартаж з аўдыенцыі для Прэзідэнта Расіі

Візіт расійскага лідэра ў Ватыкан стаў ужо шостым. 5 чэрвеня 2000 г. Уладзіміра Пуціна прымаў на аўдыенцыі св. Ян Павел ІІ. Бакі абмякроўвалі ролю Святога Пасаду і Расіі ў “працэсе інтэграцыі паміж Усходам і Захадам”, а таксама “праблему раззбраення і міжнародную сітуацыю”, паведамляў тагачасны кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Хаакін Навара-Вальс.

Наступная сустрэча расійскага лідэра з Янам Паўлам ІІ адбылася 5 лістапада 2003 г. Падчас яе гаворка ішла, між іншым, пра сітуацыю расійскіх католікаў і касцёльных структур у Расіі. Выказвалася пажаданне добрага развіцця дыялогу паміж Святым Пасадам і Маскоўскім Патрыярхатам, абмяркоўвалася сітуацыі ў Святой Зямлі і Іраку.

13 сакавіка 2007 г. Уладзімір Пуцін быў прыняты на аўдыенцыі Бэнэдыктам XVI. У цэнтры ўвагі былі адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, праблемы, звязаныя з экстрэмізмам і нецярпімасцю.

Першая сустрэча расійскага лідэра з Францішкам адбылася 25 лістапада 2013 г. Падчас яе гаворка ішла пра важнасць дасягнення міру на Блізкім Усходзе і пра сітуацыю ў Сірыі. Падкрэслівалася, што неабходна спыніць насілле, аказаць гуманітарную дапамогу насельніцтву і шукаць мірнае рашэнне канфлікту пры ўдзеле розных этнічных і рэлігійных кампанентаў грамадства.

Падчас візіту Уладзіміра Пуціна ў Ватыкан 10 чэрвеня 2015 г. абмяркоўваўся, між іншым, канфлікт ва Украіне і сітуацыя на Блізкім Усходзе.

21-23 жніўня 2017 г. Расію наведаў з афіцыйным візітам кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін, які таксама сустракаўся з Уладзімірам Пуціным.

Навіна ў фармаце аўдыё
04 ліпеня 2019, 15:36