Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік наведае дыяцэзію Альбана

21 верасня 2019 г. Папа здзейсніць візіт у Альбана-Лацыяле – невялікі італьянскі горад, які знаходзіцца ў 25 км на поўдзень ад Рыма. Аб гэтым паведаміў мясцовы біскуп Марчэла Сэмерара.

У рамках пілігрымкі Пантыфік узначаліць Эўхарыстыю, прымеркаваную да адзінаццатай гадавіны пасвячэння мясцовага катэдральнага касцёла св. Панкрацыя. 21 верасня 2008 г. яго здзейсніў Бэнэдыкт XVI пасля завяршэння рэстаўрацыйных прац у гэтым храме.

Біскуп Сэмерара нагадаў, што 21 верасня ў Касцёле адзначаецца літургічны ўспамін св. Мацвея. У 1953 г. у гэты дзень у жыцці Святога Айца адбылася важная сустрэча са святаром, якая дапамагла яму вызначыцца з пакліканнем. Іерарх прапанаваў Францішку перажыць гэту духоўную падзею з яго біяграфіі, разам з вернікамі дыяцэзіі, якую ўзначальвае. Папа прыняў прапанову.

На тэрыторыі дыяцэзіі Альбана знаходзіцца мястэчка Арыча, дзе Святы Айцец традыцыйна праводзіць час велікапосных рэкалецый. Іншай мясцовай славутасцю з’яўляецца летняя рэзідэнцыя Рымскіх Пантыфікаў у Кастэль-Гандольфа, але, у адрозненні ад сваіх папярэднікаў, Францішак не адпачывае тут. Святы Айцец наведваў Альбана-Лацыяле з прыватным візітам у снежні 2017 г.

Біскуп Марчэла Сэмерара – адзін з блізкіх супрацоўнікаў Папы. Ён з’яўляецца сакратаром Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і рэформе Рымскай курыі – кансультатыўнага органа бліжэйшых дарадчыкаў Пантыфіка.

Навіна ў фармаце аўдыё


 

12 ліпеня 2019, 15:20