Пошук

Vatican News
Кардынал Хаймэ Артэга. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Хаймэ Артэга. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Пантыфік засмучаны весткай пра смерць кардынала Артэгі

Пантыфік моліцца за памерлага кардынала Хаймэ Лукаса Артэгу-і-Аламіна. Кубінскі іерарх адышоў у вечнасць 26 ліпеня 2019 г. у 82-гадовым узросце пасля працяглай хваробы.

Папа выказаў свае спачуванні родным, духавенству і ўсім вернікам архідыяцэзіі Сан-Крыстабаль-Дэ-Ла-Гавана, пастырам якой памерлы кардынал быў на працягу амаль 35 гадоў, а таксама запэўніў у малітве за спачылага іерарха, “які служыў Касцёлу і братам на розных пасадах, даручаных яму Божым Провідам”.

Кардынал Хаймэ Артэга нарадзіўся ў 1936 г. у горадзе Хагуэй-Грандэ, у правінцыі Матансас на Кубе. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1964 г. Займаўся душпастырствам моладзі, катэхізацыяй, выкладаў у духоўнай семінарыі. У 1966 г. быў арыштаваны камуністычнымі ўладамі і правёў восем месяцаў у працоўным лагеры.

У 1978 г. быў прызначаны біскупам Пінар-дэль-Рыа, а ў 1981 г. – арцыбіскупам Гаваны. У перыяд яго знаходжання на пасадзе кубінскага арцыпастыра карыбскі востраў наведалі тры Папы: Ян Павел ІІ, Бэнэдыкт XVI і Францішак.

У перыяд з 1988 па 1999 гг. чатыры разы станавіўся старшынёй Канферэнцыі Біскупаў Кубы, займаў пасаду намесніка старшыні Рады Біскупскіх Канферэнцый Лацінскай Амерыкі (CELAM), быў дарадчыкам Папскай камісіі па Лацінскай Амерыцы. З 1994 г. – член Калегіі кардыналаў.

Кардынал Артэга стварыў мноства новых парафій, па яго ініцыятыве былі адрэстаўраваны каля 40 касцёлаў, пачало дзейнічаць мясцовае аддзяленне “Caritas”. Заснаваны ім архідыяцэзіяльны інфармацыйны бюлетэнь “Aqui la Iglesia” стаў адным з першых каталіцкіх выданняў пасля ўстанаўлення камуністычнай улады на Кубе.

Іерарх заўсёды выступаў за дыялог паміж Каталіцкім Касцёлам і камуністычным рэжымам Фідэля Кастра. Прыкладаў значныя намаганні для нармалізацыі адносін паміж Кубай і ЗША.

Пасля смерці кардынала Артэгі Калегія кардыналаў складаецца з 217 іерархаў, з якіх 120 маюць права голасу пры выбары Пантыфіка.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 ліпеня 2019, 12:36