Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Айцец нечакана наведаў рымскіх манахінь

У нядзелю 28 ліпеня 2019 г. Францішак здзейсніў нечаканы візіт у рымскі цэнтр “Regina Mundi” кангрэгацыі Дачок міласэрнасці – духоўных паслядоўніц св. Вінцэнта дэ Поля.

Манахіні з гэтай супольнасці нясуць служэнне ў Доме св. Марты – цяперашняй рэзідэнцыі Папы, а таксама працуюць у аднайменным ватыканскім дыспансеры, у якім дзеці з бедных сем’яў маюць магчымасць атрымаць бясплатную медыцынскую дапамогу. Пры ўстанове ёсць сталоўка для бедных, а таксама пакоі, у якіх могуць спыніцца людзі з іншых гарадоў, якія прывозяць сваіх дзяцей на абследаванні ў ватыканскі педыятрычны шпіталь “Bambino Gesu”, але не могуць сабе дазволіць жыць у гэты час у гатэлі.

Папа прыехаў у дабрачынны цэнтр, пастукаў у дзверы і спытаў, ці не можа ён адведаць сястру Марыю Мучы – законніцу, якая на працягу 40 гадоў працавала ў Доме св. Марты, а цяпер знаходзіцца ў шпіталі. Візіт нечаканага госця выклікаў вялікую радасць у манахінь. Папа паразмаўляў са сваёй старой знаёмай, прывітаў персанал і хворых, якія атрымліваюць тут дапамогу.

Папа падчас візіту у рымскі цэнтр кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці
Папа падчас візіту у рымскі цэнтр кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці

У капліцы цэнтру Францішак памаліўся ля асаблівай рэліквіі – футболкі, якую меў пад сутанай св. Ян Павел ІІ 13 мая 1981 г. – у той дзень, калі турэцкі тэрарыст зрабіў некалькі стрэлаў у яго. На футболцы бачныя адтуліны ад куль, кроў і сляды ад разрэзаў, якія былі зроблены падчас хірургічнай аперацыі. З кошыку з бінтамі яе выцягнула адна з медсясцёр і на працягу многіх гадоў захоўвала ў сябе, а з нагоды Юбілейнага 2000 г. падарыла законніцам з кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці.

Навіна ў фармаце аўдыё
31 ліпеня 2019, 08:32