Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Спачуванні Папы ў сувязі са смерцю кардынала Эстэпа Льяўрэнса

Францішак запэўніў у малітве за памерлага кардынала Хасэ Мануэля Эстэпа Льяўрэнса. Іерарх адышоў у вечнасць 21 ліпеня 2019 г. у Мадрыдзе ў 93-гадовым узросце.

“З удзячнасцю ўспамінаючы пра плёны яго руплівага і шчодрага служэння Касцёлу, малюся аб вечным супакоі для яго, а ў той жа час, удзяляю апостальскае благаслаўленне, на знак веры і надзеі на ўваскрасенне”, - гаворыцца ў спачувальнай тэлеграме Пантыфіка, скіраванай на імя Вайсковага ардынарыя Іспаніі, арцыбіскупа Хуана Дэль Рыа Марціна.

Кардынал Хасэ Мануэль Эстэпа Льяўрэнс нарадзіўся ў 1926 г. у Андухары на поўдні Іспаніі. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў у 1954 г. Вывучаў філасофію і тэалогію ва ўніверсітэтах Саламанкі, Рыма і Парыжу. У 1972 г. быў прызначаны дапаможным біскупам Мадрыдскай архідыяцэзіі. Выконваў служэнне рэктара духоўнай семінарыі, займаўся ўніверсітэцкім душпастырствам.

Кардынал Хасэ Мануэль Эстэпа Льяўрэнс
Кардынал Хасэ Мануэль Эстэпа Льяўрэнс

30 ліпеня 1983 г. Ян Павел ІІ прызначыў яго Генеральным вайсковым вікарыем Іспаніі і тытулярным арцыбіскупам Вэлебусда. Калі ў 1986 г. выйшла Апостальская канстытуцыя Spirituali Militum Curae, якая змяніла прававы парадак існуючых вайсковых вікарыятаў, надаўшы ім характар персанальных ардынарыятаў, арцыбіскуп Эстэпа Льяўрэнс стаў Вайсковым ардынарыем Іспаніі. На гэтай пасадзе ён знаходзіўся да 2003 г.

Быў членам камісіі па рэдагаванні Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, якая складалася з шасці біскупаў і працавала пад кіраўніцтвам тагачаснага прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння, кардынала Ёзэфа Ратцынгера. Адказваў за пераклад выдання на іспанскую мову. Займаўся душпастырствам ветэранаў.

20 лістапада 2010 г. Бэнэдыкт XVI надаў яму кардынальскую годнасць.

Пасля смерці кардынала Эстэпа Льяўрэнса Калегія кардыналаў складаецца з 218 іерархаў, з якіх 120 маюць права голасу пры выбары Папы.

Навіна ў фармаце аўдыё
22 ліпеня 2019, 13:03