Cerca

Vatican News
Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане  (AFP or licensors)

Францішак: хрысціянская малітва павінна быць дыялогам любові

Малітва “Ойча наш” – адзін з самых каштоўных дароў Пана, падкрэсліў Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на “Анёл Панскі”, 27 ліпеня 2019 г. у Ватыкане.

Прапануем вашай увазе поўны тэкст медытацыі Святога Айца:

“У сённяшнім евангельскім урыўку св. Лука распавядае пра абставіны, у якіх Езус навучыў малітве “Ойча наш”. Яго вучні ўжо ўмелі маліцца, паўтараючы формулы юдэйскай традыцыі, але прагнулі быць здольнымі да такой “якасці” малітвы, якую меў Езус, бо бачылі, што малітва – важнейшае вымярэнне жыцця іх Настаўніка. Сапраўды, Яго кожнае важнае дзеянне характарызавалася доўгімі перапынкамі на малітву.

“Акрамя таго, іх прываблівала, што Ён маліўся не так як іншыя тагачасныя настаўнікі. Яго малітва была блізкай сувяззю з Айцом і яны таксама прагнулі ўдзельнічаць у такіх момантах яднання з Богам, каб цалкам адчуць іх слодыч.”

Такім чынам, аднойчы, яны дачакаліся пакуль Езус скончыў малітву ў адасобленым месцы, а потым спыталі Яго: “Пане, навучы нас маліцца” (Лк 11,1). Адказваючы на выразную просьбу сваіх вучняў Езус не стаў даваць ім абстрактнае акрэсленне малітвы і вучыць эфектыўнай тэхніцы, каб маліцца і “атрымаць” штосьці. Ён, аднак, запрасіў сваіх перажыць досвед малітвы, уводзячы іх у непасрэдную камунікацыю з Айцом, выклікаючы ў іх тугу па асабістых адносінах з Богам, з Айцом.

“Менавіта ў гэтым заключаецца навізна хрысціянскай малітвы! Яна з’яўляецца дыялогам паміж асобамі, якія любяць адно аднаго, дыялогам, заснаваным на даверы, падтрыманым слуханнем і адкрытым на салідарную дзейнасць. Гэта дыялог Сына і Айца, дыялог паміж дзецьмі і Айцом. Гэта хрысціянская малітва.”

Тут Ён перадае ім малітву “Ойча наш”, якая, магчыма, з’яўляецца адным з самых каштоўных дароў, які быў пакінуты нам Боскім Настаўнікам падчас Яго зямной місіі. Пасля таго, як адкрыў нам сваю таямніцу Сына і брата, гэтай малітвай Езус дазваляе нам спасцігнуць бацькоўства Бога і гэта я хачу падкрэсліць: калі Езус вучыць нас малітве “Ойча наш”, дазваляе спасцігнуць бацькоўства Бога і ўказвае нам як увайсці ў малітоўны і непасрэдны дыялог з Ім, шляхам сыноўскага даверу. Гэта дыялог паміж бацькам і сынам, сынам і бацькам. Тое, аб чым просім у малітве “Ойча наш”, ужо цалкам рэалізавана і падорана нам у Адзінародным Сыне: асвячэнне Імя, надыход Валадарства, дар хлебу, прабачэнне і вызваленне ад зла.

“Калі просім, будзем трымаць адкрытымі далоні, каб прымаць, каб прымаць дары, якія Айцец нас паказаў у Сыне. Малітва, якой нас навучыў Пан – гэта абагульненне кожнай малітвы, і мы скіроўваем яе да Айца заўсёды ў еднасці з братамі. Часам здараецца, што падчас малітвы нешта адцягвае нашу ўвагу, але часта мы адчуваем жаданне спыніцца на першым слове: “Ойча” і адчуць гэта бацькоўства ў сэрцы.”

Потым Езус распавёў прыпавесць пра настойлівага сябра і сказаў: “Трэба быць настойлівымі ў малітве”. Мне прыходзіць на думку тое, што робяць дзеці калі маюць тры, тры з паловай гады, і пачынаюць задаваць пытанні пра тое, чаго не разумеюць. На маёй радзіме гэта называецца “узростам чамучак” думаю, што тут таксама. Дзеці пачынаюць глядзець на бацьку і казаць: “Тата, чаму? Тата, чаму?”. Просяць тлумачэння. Але будзем уважлівымі: калі бацька пачынае распавядаць чаму, яны задаюць іншае пытанне, нават не даслухаўшы тлумачэння. Што тут здараецца? Здараецца тое, што дзеці адчуваюць сябе няўпэўненымі ў многіх рэчах, якія пачынаюць разумець напалову. Яны толькі прагнуць прыцягнуць позірк бацькі да сябе, таму пытаюцца: “Чаму, чаму, чаму?”.

“І калі мы, у малітве “Ойча наш”, спынімся на першым слове, учынім тое самае, што рабілі, калі былі дзецьмі: прыцягваць да сябе позірк айца. Казаць: “Ойча, Ойча”, значыць таксама казаць: “Чаму?”, а Ён на нас будзе глядзець.”

Папросім Марыю, жанчыну ў малітве, дапамагчы нам маліцца да Айца ў еднасці з Езусам, каб жыць Евангеллем пад кіраўніцтвам Святога Духа”.

Пасля марыйнай малітвы Папа прывітаў вернікаў і ўдзяліў благаслаўленне.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 ліпеня 2019, 10:37