Францішак падчас сустрэчы са скаўтамі. Ілюстрацыйнае фота Францішак падчас сустрэчы са скаўтамі. Ілюстрацыйнае фота 

Папа да скаўтаў: не абмяжоўвайцеся віртуальнымі кантактамі

Лучнасць з Хрыстом дазваляе па-сапраўднаму сустрэцца з іншымі, нагадаў Святы Айцец французскім скаўтам, якія сабраліся на свой штогадовы злёт недалёка ад Парыжу.

Форум пад дэвізам “Connecte!” (Злучыся!) праходзіць 22-26 ліпеня 2019 г. у мястэчку Жамвіль. У ім прымае ўдзел каля 22 тыс. членаў скаўцкага руху з усёй Францыі. Папа прывітаў іх у пасланні, скіраваным за подпісам свайго бліжэйшага супрацоўніка, кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна.

Святы Айцец пажадаў маладым людзям, каб злёт дапамог ім “злучыцца па-іншаму”. Ён нагадаў, што лучнасць з Хрыстом праз малітву, слуханне Божага слова і сакрамэнты дазваляе адкрыць для сябе не толькі “крыніцу радасці”, але таксама “шлях сапраўднай сустрэчы” з іншымі людзьмі.

Пантыфік заклікаў маладых людзей не абмяжоўвацца ў жыцці толькі “віртуальнымі кантактамі”, але ўсё больш і больш станавіцца “будаўнікамі мастоў”, прымаючы ўдзел у будаванні “больш справядлівага і больш гуманнага грамадства”, уважлівага да малых і бедных.

Прома-ролік агульнафранцузскай скаўцкай сустрэчы "Connecte!"

Злёт “Connecte!” быў арганізаваны галоўнай французскай скаўцкай арганізацыяй “Scout et Guides de France”, якая налічвае ў сваіх шэрагах каля 85 тыс. чалавек. Сядзіба аб’яднання знаходзіцца ў сярэднявечным замку мястэчка Жамвіль, у 45-ці кіламетрах на паўночны захад ад Парыжу.

3 ліпеня 2019 г. Святы Айцец Францішак прыме на прыватнай аўдыенцыі ў ватыканскай Зале Паўла VI удзельнікаў Другой агульнаеўрапейскай скаўцкай сустрэчы “Euromoot-2019”, у якой будуць прымаць удзел каля 5 тыс. юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 16 да 21 гадоў.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 ліпеня 2019, 08:33