Пошук

Vatican News

Францішак падарыў Барталамею І частку рэліквій св. Пятра

Папа падарыў Патрыярху Барталамею І частку рэліквій св. Пятра. Яны былі перададзены прадстаўнікам Канстантынопальскага Патрыяхату, якія прыбылі ў Рым з нагоды ўрачыстасці святых Пятра і Паўла.

Пантыфік асабіста ўручыў бронзавы рэліквіярый з дзевяццю фрагментамі парэштак св. Пятра кіраўніку праваслаўнай дэлегацыі, Мітрапаліту Ёву. Гэта адбылося пасля ўрачыстай св. Імшы, якая 29 чэрвеня 2019 г. прайшла ў Ватыкане. Гаворка ідзе пра частку рэліквій, знойдзеных падчас раскопак пад базылікай св. Пятра ў сярэдзіне ХХ ст.

Першы этап археалагічных даследаванняў пад папскім алтаром праходзіў па ініцыятыве Пія ХІІ у перыяд паміж 1939-1949 гг. Яго вынікам стала знаходжанне месца пахавання апостала. Аднак яго парэшткі тады знойдзены не былі.

У 1952 г. навукоўцы аднавілі даследаванні. Аб’ектам вывучэння стала сцяна, побач з помнікам, пабудаваным над магілай св. Пятра ў ІІ ст. Яна была пакрыта шматлікімі старажытнымі графіці з хрысціянскімі сімваламі і надпісамі, сярод якіх імёны Езуса, Марыі, Пятра. Адзін з надпісаў на грэчаскай мове апавяшчаў: “Pertos eni” – “Пётр тут”. Ён знаходзіўся ля невялікай нішы і мог указваць на месца размяшчэння рэліквій. Чалавечыя парэшткі, якія знайшлі ў гэтым месцы, былі больш дэтальна даследаваны навукоўцамі.

Аналіз паказаў, што астанкі прыналежаць мужчыне, які жыў на пачатку нашай эры, быў моцнага складу цела і памёр у сталым узросце. На іх знаходзіліся часцінкі зямлі, ідэнтычнай зямлі пад надмагільным помнікам, а таксама фрагменты пурпурнай тканіны з залатымі ніткамі – сведчанне асаблівай пашаны да пахаванай асобы. У шкілета адсутнічалі ніжнія часткі ног. Гэта дэталь з’яўляецца вельмі важнай, бо ступні звычайна адсякалі ў людзей, укрыжаваных уніз галавою, каб было лягчэй зняць іх цела з крыжа, а менавіта так загінуў апостал Пётр.

Вынікі даследаванняў дазволілі сцвярджаць, што знойдзеныя парэшткі могуць прыналежаць менавіта св. Пятру, аб чым Павел VI урачыста абвясціў 26 чэрвеня 1968 г.

Калі навукоўцы завяршылі сваю працу, асноўная частка рэліківій была размешчана ў тым самым месцы, дзе яны захоўваліся на працягу стагоддзяў – невялікай нішы ў сцяне з надпісамі пад папскім алтаром. Дзевяць фрагментаў парэштак Павел VI распарадзіўся змясціць у бронзавы рэліквіярый і захоўваць у папскіх апартаментах Апостальскага палацу, каб мець магчымасць маліцца ля іх, не спускаючыся ў Ватыканскія гроты. Менавіта іх Францішак падарыў Канстантынопальскаму Патрыярху.

Навіна ў фармаце аўдыё
01 ліпеня 2019, 10:04