Пошук

vatican-pope-angelus-1552217759269.jpg

Святы Айцец: місія Касцёла – прапаведаванне і сведчанне

Місія Касцёла – гэта не празелітызм, але прапаведаванне і сведчанне, заўважыў Папа перад малітвай “Анёл Панскі”, якая 7 ліпеня 2019 г. прайшла ў Ватыкане.

Прапануем поўны тэкст медытацыі Папы:

“Евангельскі ўрывак, прызначаны на сённяшні дзень (пар. Лк 10,1-12.17-20), паказвае як Езус, у дадатак да дванаццаці апосталаў, пасылае на місію семдзесят два вучні. Верагодна, што лічба семдзесят два азначае ўсе народы. Сапраўды, у кнізе Быцця згадваюцца семдзесят два розныя народы (пар. 10,1-32). Такім чынам гэты заклік прадвызначае місію Касцёла – абвяшчаць Евангелле ўсім народам. Гэтым вучням Езус сказаў: “Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала, таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё” (Лк 10,2).

Просьба, якой вучыць Езус, заўсёды актуальная. Мы заўсёды павінны прасіць “гаспадара жніва”, гэта значыць Бога Айца, каб паслаў работнікаў працаваць на сваім поле, якім ёсць свет. 

“[Кожны з нас павінен рабіць гэта з адкрытым сэрцам, з місійным стаўленнем; наша малітва не павінна абмяжоўвацца толькі нашымі патрэбамі, нашымі нястачамі: малітва з’яўляецца па-сапраўднаму хрысціянскай, калі мае таксама паўсюднае вымярэнне.]”

Пасылаючы семдзесят два вучні, Езус дае ім дакладныя інструкцыі, якія характарызуюць місію. Першая – мы ўжо бачылі – маліцеся; другая – ідзіце; і затым: не бярыце ні каліты, ні торбы; кажыце: “Спакой гэтаму дому”... заставайцеся ў тым доме... Не пераходзьце з дому ў дом; аздараўляйце хворых і кажыце ім: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”; а калі вас не прымуць, то выходзьце на вуліцу і развітайцеся (пар. Лк 10,2-10). Гэтыя імператывы паказваюць, што місія грунтуецца на малітве; спаўняецца на шляху, яна не статычная;  патрабуе адрачэння і беднасці; нясе спакой і аздараўленне, знакі блізкасці Божага Валадарства; не з’яўляецца празелітызмам, але прапаведаваннем і сведчаннем; і патрабуе мужнасці і евангельскай свабоды, каб дэманстраваць адказнасць, якую прадугледжвае непрыняцце збаўчага паслання, але без асуджэнняў і праклёнаў.

Рэпартаж з малітвы "Анёл Панскі" на плошчы св. Пятра

Калі місія Касцёла будзе ажыццяўляцца такім чынам, яна будзе пазначана радасцю. Як звяршаецца гэты ўрывак? – “Вярнуліся семдзесят два з радасцю” (Лк 10,17). Гаворка не ідзе пра эфемерную радасць, якую выклікае паспяховасць місіі; але наадварот, гэта радасць, укаранёная ў абяцанні, што – кажа Езуса – “імёны вашыя запісаны ў нябёсах” (Лк 10,20). Пад гэтымі словамі Ён разумее ўнутраную і непарушную радасць, якая нараджаецца ад усведамлення Божага паклікання наследаваць Яго Сына. Гэта радасць быцця Яго вучнямі. 

“[Кожны з нас можа падумаць пра імя, якое атрымаў у дзень хросту: гэта імя “запісана ў нябёсах”, у сэрцы Бога Айца. Гэта радасць таму дару, які робіць з кожнага вучня місіянера, чалавека, які крочыць поруч з Панам Езусам, які вучыцца ад Яго дарыць сябе без лішкаў іншым, быць свабодным ад сябе і сваёй маёмасці.]”

Папросім разам аб матчыным заступніцтве Найсвяцейшую Марыю, каб усюды падтрымлівала місію вучняў Хрыста; місію абвяшчэння ўсім людзям таго, што Бог нас любіць, прагне нас збавіць і кліча браць удзел у Яго Валадарстве”.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў групы пілігрымаў, прысутныя на плошчы св. Пятра, і ўдзяліў сваё благаслаўленне.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 ліпеня 2019, 12:13