Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: не рэлігія вядзе да вайны, але цемра ў сэрцах людзей

Хто заклікае забіваць у імя Бога – блюзнерыць, падкрэсліў Пантыфік у пасланні з нагоды 25-годдзя тэрарыстычнага нападу на сядзібу Аргентынскай асацыяцыі яўрэйскай узаемадапамогі ў Буэнас-Айрэсе.

Святы Айцец скіраваў спецыяльны ліст на імя Хорхэ Кноблавіца, старшыні Дэлегацыі аргентынскіх яўрэйскіх арганізацый (DAIA). Ён запэўніў, што ў дзень успаміну трагедыі, заўсёды моліцца за загінулых і параненых у выніку тэракту.

“Гэта шаленства не абмежавалася Аргентынай. Вельмі часта за гэтыя 25 гадоў мы бачылі, як жыццё і надзея адымаюцца ў імя рэлігіі. Гэта “фрагментарная Трэцяя сусветная вайна” не ведае межаў і паказала сваё жорсткае аблічча на Усходзе і Захадзе. Яна зрабіла жонак удовамі, сыноў і дачок – сіротамі. І ўсё гэта – у імя Бога, па-блюзнерску выкарыстоўваючы імя Бога”, - заўважыў Папа.

“Мы добра ведаем, што не рэлігія падбухторвае і вядзе да вайны, але цемра ў сэрцах людзей, якія здзяйсняюць ірацыянальныя ўчынкі. Бог паклікаў нас жыць у братэрстве. Гэтае братэрства ахоплівае нас і яднае, нягледзячы на ўсе геаграфічныя ці ідэалагічныя межы. Усе разам мы складаем вялікую чалавечую сям’ю. Усведамленне гэтага братэрства мы павінны перадаць, разам з каштоўнасцямі павагі і талерантнасці, наступным пакаленням”, - сцвердзіў Пантыфік.

Святы Айцец зазначыў, што “Бог стварыў нас роўнымі не толькі ў правах, але таксама ў годнасці і абавязках”. Таму “мір павінен быць не толькі нашым правам, але будаванне міру павінна быць таксама нашым абавязкам”, падкрэсліў Францішак на заканчэнне свайго паслання.

Напад на сядзібу Аргентынскай асацыяцыі яўрэйскай узаемадапамогі (Associazione Mutualità Israelita Argentina) адбыўся 18 ліпеня 1994 г. Тэрарыст-смяротнік прывёў у дзеянне магутную бомбу, схаваную ў аўтамабіле, прыпаркаваным побач з будынкам культурнага цэнтра. У выніку трагедыі 86 чалавек загінулі, каля 200 атрымалі раненні.

Навіна ў фармаце аўдыё
12 ліпеня 2019, 14:29