1560685387097.jpg

Візіт Папы стаў іскрай надзеі для напаўразбуранага горада

Візіт Францішка ў раёны, якія пацярпелі ад моцнага землятрусу – гэта запальванне іскры надзеі ў рэчаіснасці, адзначанай адсутнасцю даверу, - лічыць дырэктар мясцовай Caritas, кс. Луіджы Вераліні.

Падчас свайго 7-гадзіннага візіту ў архідыяцэзію Камерына-Сан-Северына-Марке, які прайшоў 16 чэрвеня 2019 г., Папа наведаў адзін з крызісных цэнтраў, дзе людзі, што страцілі свае дамы ў выніку землятрусу 2016 года, жывуць у дамах-кантэйнерах.

“Мы спадзяёмся, што візіт Пантыфіка стане новым імпульсам для адбудовы, а напамін пра існуючую нядбайнасць і затрымкі ў гэтым плане палепшыць сітуацыю”, - адзначыў кс. Вераліні. Ён паведаміў, што з 500 касцёлаў у архідыяцэзіі 356 па-ранейшаму знаходзяцца ў аварыйным стане і недаступныя для малітвы. “Сітуацыя з жыллём самая горшая”, - падкрэсліў дырэктар каталіцкай дабрачыннай структуры.

“Раён Карцінэ, які наведаў Францішак знакавым чынам дэманструе нашу складаную сітуацыю. Гэта самы вялікі крызісны цэнтр, дзе пражываюць больш за 200 сем’яў. Гэта людзі, якія вельмі моцна пацярпелі ад землятрусу, і пакуль невядома, як доўгім будзе гэты пераходны перыяд”, - сказаў кс. Вераліні.

Святар дадаў, што цэнтр Камерына па-ранейшаму з’яўляецца “чырвонай зонай”, недаступнай для жыхароў. Кажуць, што шчасліўцы атрымаюць кватэры праз 5-7 гадоў, а тым, каму не пашанцуе, прыйдзецца чакаць яшчэ даўжэй. “Таму візіт Папы – гэта іскра надзеі для нас у гэтай рэчаіснасці, адзначанай адсутнасцю даверу. Францішак можа абудзіць у нас надзею”, - лічыць дырэктар Caritas.

У Камерына Францішак сустрэўся з прадстаўнікамі службаў неадкладнай дапамогі і ўладамі разбураных муніцыпалітэтаў. “Пілігрымка салідарнасці паспрыяла таму, каб увага была зноў засяроджана на гэтым забытым рэгіёне Італіі, нагадваючы пра ўсё яшчэ існуючы крызіс”, - адзначыў мэр Камерына Сандра Сборжыа.

“Рэканструкцыя сапраўды павольная, значная частка старога горада ўсё яшчэ недаступная для жыхароў. Прысутнасць Папы парадавала нас і аднавіла надзею, што ўлады, адказныя за гэтую сітуацыю, у рэшце рэшт паставяць у цэнтр сваіх дзеянняў рэканструкцыю месцаў, разбураных у выніку землятрусу 2016 года”, - сказаў кіраўнік муніцыпалітэта.

Ён прызнаўся, што зараз самай неадкладнай праблемай з’яўляецца апека над пажылымі людзьмі, імкненне, каб яны не адчувалі сябе пакінутымі. Многія з іх не спраўляюцца, здаюцца, трапляюць у дэпрэсію. “Ва ўмовах крызісу найбольшай небяспекай з’яўляецца адзінота”, - падкрэсліў мэр напаўразбуранага італьянскага горада.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 чэрвеня 2019, 13:28