Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Праграма візіту Пантыфіка ў тры краіны Паўднёва-Усходняй Афрыкі

28 чэрвеня 2019 г. Зала Друку апублікавала афіцыйную праграму Апостальскага падарожжа Францішка ў тры краіны Паўднёва-Усходняй Афрыкі – у Мазамбік, на Мадагаскар і Маўрыкій.

Раніцай 4 верасня 2019 г. самалёт італьянскай авіякампаніі Alitalia са Святым Айцом на борце вылеціць з Рыма ў напрамку сталіцы Мазамбіку, і каля 18.30 прызямліцца ў міжнародным аэрапорце Мапуту. Там адбудзецца ўрачыстая цырымонія прывітання.

У наступны дзень, 5 верасня, у мазамбікскай сталіцы Францішка будуць чакаць сустрэчы з Прэзідэнтам, палітычным істэблішментам і дыпкорпусам. Пасля абеду ён правядзе яшчэ дзве: з моладдзю розных рэлігій і мясцовым каталіцкім епіскапатам. 6 верасня Пантыфік спачатку паедзе да хворых у сталічны шпіталь, а затым узначаліць Эўхарыстыю на стадыёне. Пасля гэтага ён развітаецца з Мазамбікам і адправіцца на Мадагаскар.

7 верасня Францішак правядзе ў Антананарыву, дзе наведае Прэзідэнта, сустрэнецца з прадстаўнікамі палітыкі і грамадзянскай супольнасці, дыпкорпусам, памоліцца на Брэвіярыі ў жаночым кармэлітанскім кляштары, наведае катэдру, каб звярнуцца да епіскапату з прамовай, а завершыць дзень малітоўнай Вігіліяй з мадагаскарскай моладдзю. Наступны дзень, 8 верасня, Папа распачне св. Імшой, затым адправіцца з візітам у штаб-кватэру гуманітарнай асацыяцыі AKAMASOA, створанай у 1989 г. для дапамогі бедным. Завершыцца візіт на Мадагаскар малітвай за рабочых і сустрэчай з мясцовым духавенствам і кансэкраванымі асобамі.

9 верасня Пантыфік будзе знаходзіцца ў Порт-Луі на Маўрыкіі. Інтэнсіўная праграма ўключыць: Эўхарыстыю, абед з епіскапатам, візіт у санктуарый св. Жака Лаваля, сустрэчы з Прэзідэнтам, Прэм’ерам і палітычным істэблішментам.

У той жа дзень Францішак вернецца Антананарыву, адкуль 10 верасня раніцай вылеціць у Рым.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 чэрвеня 2019, 13:23