Кардынал Эліа Сгрэча Кардынал Эліа Сгрэча 

Францішак моліцца за памерлага кардынала Сгрэча

Пантыфік запэўніў у малітве за памерлага кардынал Эліа Сгрэча. Ён адышоў у вечнасць 5 чэрвеня 2019 г. у Рыме ў 90-гадовым узросце. Папа выказаў свае спачуванні сваякам і блізкім спачылага іерарха.

“З удзячнасцю ўзгадваю яго адданае служэнне Касцёлу, асабліва яго каштоўную і руплівую працу, накіраваную на абарону фундаментальнай каштоўнасці чалавечага жыцця праз карпатлівыя навуковыя даследаванні, фармацыю і евангелізацыю”, - гаворыцца ў спачувальнай тэлеграме Святога Айца.

Эліа Сгрэча нарадзіўся ў 1928 г. у цэнтральнай Італіі. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1952 г. На працягу многіх гадоў быў капеланам пры факультэце медыцыны і хірургіі Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Мілане. З 1985 г. – кіраўнік Цэнтра, а з 1992 г. – Інстытута біяэтыкі ва ўзгаданай навучальнай установе. Быў назіральнікам Апостальскай Сталіцы пры Камісіі па этыцы Рады Еўропы. Уваходзіў у склад Італьянскага нацыянальнага камітэта па пытаннях біяэтыкі.

5 лістапада 1992 г. Ян Павел ІІ прызначыў яго сакратаром Папскай рады па справах сям’і, а яшчэ праз некалькі месяцаў удзяліў яму біскупскую сакру. У 1996 г. біскуп Сгрэча стаў віцэ-старшынёй Папскай акадэміі жыцця, а ў перыяд з 2005 па 2008 г. быў яе кіраўніком. У 2010 г. атрымаў кардынальскую годнасць.

Кардынал Эліа Сгрэча зрабіў важны ўклад у вывучэнне актуальных пытанняў біяэтыкі, якія тычацца донарства арганаў, ствалавых клетак, свабоды сумлення, пастаяннага вегетацыйнага стану. Ён з’яўляецца аўтарам “Падручніка па біяэтыцы для ўрачоў і біёлагаў”, які перавыдаваўся чатыры разы і перакладаўся на многія мовы, а таксама шматлікіх іншых выданняў, прысвечаных каштоўнасці чалавечага жыцця.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 чэрвеня 2019, 10:17