Папа падчас выступлення на міжнародным форуме ў Неапалі Папа падчас выступлення на міжнародным форуме ў Неапалі 

Папа: Міжземнамор’е патрабуе тэалогіі гасціннасці і дыялогу

“Міжземнае мора – гэта гістарычная, геаграфічная і культурная матрыца керыгматычнай гасціннасці, якая практыкуецца праз дыялог і міласэрнасць”, - упэўнены Папа.

21 чэрвеня 2019 г. Святы Айцец адправіўся ў Неапаль, дзе прыняў удзел у Міжнароднай канферэнцыі на тэму “Тэалогія пасля Veritatis gaudium у кантэксце Міжземнага мора”, арганізаванай Папскім тэалагічным факультэтам Паўднёвай Італіі. Гэта другі, падчас пантыфікату, візіт Францішка ў трэці па велічыні горад Італіі.

Звяртаючыся да тысячнай аўдыторыі, Пантыфік заўважыў, што “Міжземнае мора заўсёды было месцам транзіту, абмену, а часам і канфліктаў”, і што для такога кантэксту неабходна тэалогія “гасціннасці і развіцця дыялогу” з сацыяльнымі і грамадзянскімі інстытутамі, з універсітэтамі і навукова-даследчымі цэнтрамі, з рэлігійнымі лідарамі і ўсімі людзьмі добрай волі “дзеля мірнай пабудовы інклюзіўнага і братэрскага грамадства і для аховы стварэння”.

Сапраўдны дыялог, а з ім і абвяшчэнне Евангелля, магчымыя, па словах Францішка, пры ўмове “паслухмянасці Духу Святому”, якая прадугледжвае “лад жыцця і прапаведавання без заваёўніцкага духу, без жадання празелітызму і без агрэсіўнага намеру абвяржэння”.

Панадворак Папскага тэелагічнага факультэта ў Неапалі
Панадворак Папскага тэелагічнага факультэта ў Неапалі

“Дыялог – гэта не магічная формула”, і неабходна спрыяць абнаўленню тэалогіі ў кірунку прыняцця ёю іншых форм ведаў і іншых рэлігій, асабліва юдаізму і ісламу. Дыялогу з юдэямі і мусульманамі трэба навучаць студэнтаў тэалагічных факультэтаў; у каталіцкіх універсітэтах трэба ўводзіць курсы арабскай і яўрэйскай моў і культур, заахвочваць студэнтаў – хрысціян, яўрэяў і мусульман – да ўзаемапазнання, - лічыць Святы Айцец.

Дыялог, які характарызуе тэалогію гасціннасці, можа знайсці канкрэтнае ўвасабленне як метад вывучэння, бо “калі чытаем тэкст” – Біблію, Талмуд або Каран, “вядзём дыялог з ім і са светам, які ён апісвае”. Акрамя таго, “дыялог можна разумець як тэалагічную герменеўтыку ў пэўным часе і месцы. У нашым выпадку, у Міжземным моры на пачатку трэцяга тысячагоддзя”, патлумачыў Папа.

“[Гаворка ідзе пра месца, у якім адсутнасць міру спарадзіла шматлікія выпадкі рэгіянальнай і сусветнай незбалансаванасці, і супакаенне якога праз практыку дыялогу магло б істотна паўплываць на запуск працэсаў прымірэння і супакою]”

, - дадаў ён.

У сваю чаргу, дыялог як тэалагічная герменеўтыка падразумявае “свядомае слуханне”. Міжземнае мора заўсёды “адкрытае на сустрэчу, дыялог і ўзаемную інкультурацыю” і мае патрэбу ў “дыялогу, які нараджаецца са слухання людзей і тэкстаў вялікіх монатэістычных рэлігій, але асабліва са слухання моладзі”, - перакананы Францішак.

“Тэалогія гасціннасці, якая прымяняе ў якасці метадаў інтэрпрэтацыі рэчаіснасці разважлівасць і шчыры дыялог, мае патрэбу ў тэолагах, якія ўмеюць працаваць разам у міждысцыплінарнай форме, пераадольваючы індывідуалізм у інтэлектуальнай працы”, - працягнуў Святы Айцец.

Пры гэтым вельмі важна, каб гэтыя асобы вылучаліся спагадлівасцю і чуласцю адносна такіх феноменаў сучаснасці, як прыгнечанасць, нявольніцтва, жорсткасць, войны і несправядлівасць, якія зазнаюць бедныя, што жывуць на берагах гэтага “агульнага мора”.

“[Без адзінства і спагадлівасці, якія пастаянна жывяцца малітвай, тэалогія губляе не толькі душу, але таксама розум і здольнасць па-хрысціянску інтэрпрэтаваць рэчаіснасць]”

, - сказаў Папа.

Заданне тэалогіі пасля Veritatis gaudium у кантэксце Міжземнага мора ў тым, каб дзейнічаць сумесна з Духам уваскрослага Езуса, з яго свабодай ісці па свеце і дасягаць перыферый, у тым ліку і перыферый мыслення. Тэолагі павінны спрыяць сустрэчы культур з крыніцамі Аб’яўлення і Традыцыі, у якіх трэба шукаць новыя шляхі. “Можна і трэба працаваць у кірунку “тэалагічнай Пяцідзясятніцы”, якая б дазволіла сучасным людзям слухаць на сваіх мовах хрысціянскае разважанне, што адказвае на іх пошукі сэнсу і паўнаты жыцця”, - сказаў Францішак.

Для гэтага неабходна, па-першае, “зыходзіць з Евангелля міласэрнасці”, без якой тэалогія, як і права, і душпастырства, “рызыкуе праваліцца ў бюракратычную дробязнасць або ў ідэалогію, якая па сваёй прыродзе хоча прыручыць таямніцу”. Па-другое, патрэбна сур’ёзнае залучэнне гісторыі ў лона тэалогіі, бо здольнасць распазнаваць “шлях Касцёла ў гісторыі робіць нас пакорнымі і пазбаўляе спакусы ўцякаць у мінулае, каб пазбегнуць сучаснасці”.

Папа з кардыналам Крэшчэнца Сэпэ і рэктарам Факультэта
Папа з кардыналам Крэшчэнца Сэпэ і рэктарам Факультэта

Па-трэцяе, неабходна тэалагічная свабода, бо “без магчымасці спрабаваць новыя шляхі не ствараецца нічога новага і не пакідаецца месца для навізны Духа Уваскрослага”. Нарэшце, неабходна забяспечыць лёгкія і гнуткія структуры, якія б дэманстравалі прыярытэтную ўвагу да гасціннасці і дыялогу, да між- і трансдысцыплінарнай працы. Усё павінна садзейнічаць тым, хто зацікаўлены ў вывучэнні тэалогіі. “Статуты, унутраная арганізацыя, метад навучання, накіраванасць вучэбнага працэсу павінны адлюстроўваць аблічча Касцёла, які выходзіць насустрач”, - сказаў Папа.

“Тэалогія пасля Veritatis gaudium – гэта керыгматычная тэалогія, тэалогія разважлівасці, міласэрнасці і гасціннасці, якая ўваходзіць у дыялог з грамадствам, культурамі і рэлігіямі для будаўніцтва мірнага суіснавання людзей і народаў. Міжземнае мора – гэта гістарычная, геаграфічная і культурная матрыца керыгматычнай гасціннасці, якая практыкуецца праз дыялог і міласэрнасць”, - заключыў Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 чэрвеня 2019, 12:27