Пошук

Vatican News

Папа: Еўропа адкрытая не для мігрантаў, а караблёў са зброяй

Папу непакоіць драматычная сітуацыя ў Сірыі, Іраку, ва Украіне і на Святой Зямлі. У гэтым ён прызнаўся 10 чэрвеня 2019 г. прадстаўнікам ROACO – фонду, якія дапамагае Усходнім Цэрквам.

“Тыя, каму не хапае ежы, медыцынскай дапамогі і навучання, сіроты, параненыя і ўдовы заклікаюць да неба. Сэрца чалавека можа быць раўнадушным, але не сэрца Бога, засмучанага нянавісцю і насіллем, якія ўзнікаюць сярод Яго дзяцей”, - падкрэсліў Францішак, згадваючы Сірыю.

Пантыфік выказаў надзею, што ў Іраку пераможа шлях мірнага і сумеснага дасягнення агульнага дабра, што краіна не вернецца да ваенных дзеянняў. “Таксама не забываю пра Украіну ў надзеі, што яе народ зведае мір. Я спрабаваў супакоіць боль украінцаў дабрачыннай ініцыятывай, у якой прынялі ўдзел многія асобы і касцёльныя групы”, - сказаў Папа. Ён спадзяецца на мірнае і паважлівае суіснаванне тых, хто жыве ў Святой Зямлі, што стане сапраўдным знакам Божага благаслаўлення.

Францішак не пашкадаваў вострых слоў у бок Еўропы, якая не хоча прымаць эмігрантаў, што ў пошуках надзеі рызыкуюць сваім жыццём, і ў той жа час адкрывае свае парты для судоў, што перавозяць дарагую зброю.

Святы Айцец папрасіў сваіх гасцей актывізаваць намаганні для дапамогі маладым людзям вырасці ў чалавечнасці, вызваленымі з любых форм ідэалагічнай каланізацыі, з адкрытымі сэрцамі і розумам.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 чэрвеня 2019, 12:22