Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа: душпастырства пакліканняў – не пошук новых членаў клуба

Каб дапамагчы моладзі распазнаць пакліканне, патрэбныя “цярплівасць і ўменне слухаць”, жаданне “стамляцца” і ўсведамленне, што сёння патрэбна “камунікацыя”, а не проста “кантакты”, лічыць Папа.

6 чэрвеня 2019 г. Святы Айцец сустрэўся ў Ватыкане з удзельнікамі форума адказных за душпастырства пакліканняў, арганізаванага Радай Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE). Ён урычыў сваім гасцям тэкст загадзя падрыхтаванай прамовы, пасля чаго падзяліўся сваімі спантаннымі думкамі.

Пантыфік падкрэсліў, што працаваць у “сферы пакліканняў”, гэта не значыць “шукаць новых членаў для нейкага клуба”. Ён нагадаў словы Бэнэдыкта XVI, пра тое “Касцёл павінен пашырацца праз прывабнасць, а не празелітызм”.

Паводле Францішка, усе маладыя людзі розныя, але і падобныя да сябе ва ўнутранай “неўтаймаванасці, прагненні вялікага, жаданні рабіць дабро”. Каб “дасягнуць іх сэрцаў”, трэба, у першую чаргу, выкарыстоўваць зразумелую для іх мову, падкрэсліў ён.

На думку Святога Айца, камунікацыя з’яўляецца адным з галоўных выклікаў у працы з моладдзю. Тыя, хто працуе з людзьмі маладога ўзросту павінны не навязваць нешта, а “суправаджаць, весці і дапамагаць, каб сустрэча з Панам, дапамагла ім распазнаць жыццёвы шлях”.

У душпастырстве пакліканняў, акрамя цярплівасці і ўмення слухаць, трэба самім “станавіцца маладымі”, гэта значыць: “уключыцца ў рух”, ісці поруч з моладдзю, не баяцца стаміцца. “Не магчыма працаваць на карысць пакліканняў, не змарыўшыся! Гэта тое, чаго ад нас просіць жыццё, рэчаіснасць, Пан, усе...”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што выбар паклікання – гэта не вынік “інтэлектуальнага пераканання”. “Выбар на карысць паклікання павінен нараджацца ў дыялогу з Панам, незалежна ад таго, пра якое пакліканне ідзе гаворка. Менавіта Пан натхняе мяне крочыць па жыцці тым ці іншым шляхам. А гэта азначае вялікую працу для вас: спрыяць дыялогу. Вядома, што калі вы самі не будзеце весці дыялог з Панам, будзе вельмі цяжка навучыць іншых рабіць гэта”, - заўважыў Святы Айцец у размове з адказнымі за душпастырства пакліканняў з усёй Еўропы.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 чэрвеня 2019, 12:34