1559815092895.JPG

Папа: для росту паклікання важныя шчасце, свабода і супольнасць

Пра святасць, камунію і пакліканне, што шчыльна звязана з шчасцем, свабодай і супольнасцю, размаўляў Папа 6 чэрвеня 2019 г. з адказнымі за душпастырства пакліканняў у Еўропе.

“Наша жыццё павінна прыносіць плён у любові, і гэта цягне за сабой заклік да святасці, з якім Пан звяртаецца да чалавека, да кожнага па-свойму”, - гаворыцца ў тэксце прамовы Францішка. Ён заўважыў, што вельмі часта мы імкнёмся глядзець на пакліканне, як на “асабістую прыгоду”, думаючы, што гаворка ідзе толькі пра “мяне”, забываючыся, што ніхто не збаўляецца ў адзіночку. “Мы становімся святымі разам”, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа заклікаў да “сінадальнага душпастырства”. Сінадальнасць ён назваў “дачкой камуніі”. Менавіта камунія “прывядзе да новых пакліканняў”, перакананы Францішак. Поспех Касцёлу гарантуе адмова ад мірскога менталітэту, які выклікае падзелы. “Толькі застаючыся сапраўднымі супольнасцямі, адкрытымі, жывымі і інклюзіўнымі, мы будзем гатовыя да сустрэчы з будучыняй. Гэта тое, чаго прагнуць маладыя людзі”, - лічыць ён.

У тэксце Святы Айцец падкрэслівае, што слова “пакліканне” не састарэла, як пачалі лічыць некаторыя. Ён прызнаецца, што ведае некаторыя супольнасці, якія вырашылі адмовіцца ад выкарыстання гэтага паняцця ў працы з маладымі людзьмі, паколькі думаюць, што яно пужае. Паводле Пантыфіка, такая стратэгія асуджаная на няўдачу: бо, калі выкінуць слова “пакліканне” з каталіцкай лексікі, мы перастанем разумець нашу веру.

Шчасце – гэта адна з складальных паклікання, заўважыў Францішак. І гэта не чыста эмацыйная радасць, якая знікае адразу пасля сустрэчы з пакутамі. Яго не можна дасягнуць і выключна праз дэталёвыя духоўныя практыкаванні або выкананне правілаў. Хрысціянскае шчасце нараджаецца з запрашэння быць часткай гісторыі любові, пераплеценай нашымі асабістымі гісторыямі, патлумачыў Папа.

Супольнае фота ўдзельнікаў аўдыенцыі з Папам
Супольнае фота ўдзельнікаў аўдыенцыі з Папам

Слова “пакліканне” можа палохаць маладых людзей толькі ў адным выпадку, калі яго блытаюць з нечым, што абмяжоўвае свабоду, заўважыў Пантыфік. Бог, аднак, цалкам паважае свабоду кожнага чалавека. Ён запрасіў сваіх гасцей памятаць пра гэта і пазбягаць метадаў душпастырскага суправаджэння, якія вядуць да залежнасці ці, яшчэ горш, дамінавання. Гэта сур’ёзная праблема, паколькі такое стаўленне перашкаджае маладым людзям фарміравацца ў свабодзе і пагружае іх у своеасаблівы інфантыльны стан.

Францішак нагадаў, што Бог ніколі не кліча нас “індывідуалістычна”, але заўсёды як частку супольнасці. “Мы з’яўляемся часткай доўгай гісторыі, накіраванай на ўдзел усіх. Душпастырскі клопат пра пакліканні павінен знаходзіцца ў кампетэнцыі не толькі некалькіх лідараў, але і ўсёй супольнасці”, - падкрэсліў ён.

Паводле Пантыфіка, толькі тады, “калі маладыя людзі сустрэнуцца з верагоднымі кансэкраванымі мужчынамі і жанчынамі, не таму, што яны дасканалыя, а таму, што іх жыццё змянілася дзякуючы сустрэчы з Панам, яны адчуюць смак іншага жыцця і паставяць пытанне аб сваім асабістым пакліканні”.

Францішак падкрэсліў, што “праца суправаджэння і фарміравання паклікання – гэта спосаб удзелу ў асабістай справе Хрыста, Які прыйшоў, каб абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім, перавязваць раны разбітых сэрцаў, несці вызваленне палонным і сляпым вяртаць зрок”.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 чэрвеня 2019, 13:53