1560595987362.JPG

Пантыфік да трынітарыяў: сейце, а Бог паклапоціцца пра рост

Найлепшы метад у душпастырстве моладзі і пакліканняў, пражываць радасць уласнага паклікання, заставацца прарокамі радасці праз сваё жыццё, - перакананы Святы Айцец.

Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў Генеральнага Капітула Ордэна Найсвяцейшай Тройцы (трынітарыяў), які трывае ў Рыме з 9 па 23 чэрвеня 2019 г. Сустрэча адбылася 15 чэрвеня 2019 г. у Клеменційскай зале Апостальскага палаца.

Спаслаўшыся на тэму сёлетняга Капітула трынітарыяў – “Душпастырства моладзі і пакліканняў”, – Пантыфік прызнаў, што “культура велізарнай пустэчы, выкліканай слабой сістэмай поглядаў і рэлятывізмам”, “фрагментарная культура, у якой вялікія тэмы страцілі сваё значэнне”, “іманентная філасофія, замкнёнымі ў якой жывуць многія маладыя людзі”, могуць прымусіць думаць, што ў новых пакаленнях не засталося месца для пакліканняў у веры. Аднак такое заключэнне, на думку Святога Айца, – сур’ёзная памылка.

Пантыфік заўважыў, што і сёння ёсць маладыя людзі, якія з запалам шукаюць сапраўднага сэнсу жыцця, здольныя бескарысліва прысвячаць сябе служэнню вялікім справам, палка закаханыя ў Езуса, спагадлівыя ў адносінах да чалавецтва.

Папа засяродзіўся на асобных выкліках, якія, на яго думку, вынікаюць з душпастырства моладзі і пакліканняў. Сярод іх, у першую чаргу, – блізкасць і суправаджэнне.

“[Адкрыйце вашыя дамы і супольнасці для моладзі, каб маглі раздзяліць вашую малітву і вашае братэрства, але перш за ўсё, адкрыйце для іх свае сэрцы. (…) Будзьце для моладзі старэйшымі братамі, з якімі можна пагаварыць, якім можна давяраць]”

, - заклікаў Францішак.

Па-другое, на думку Святога Айца, душпастырства моладзі і пакліканняў патрабуе выхаду насустрач. “Не абмяжоўвайцеся прыняццем тых, хто да вас прыходзіць, але выходзьце насустрач тым, хто аддаліўся. Прымайце іх такімі, якія яны ёсць. Ніколі не пагарджайце іх слабасцямі. Падтрымлівайце і дапамагайце ім, наколькі гэта магчыма”, - заахвоціў Папа сваіх гасцей.

Францішак папярэдзіў, што душпастырства моладзі патрабуе цярплівасці. “Вашая задача – сеяць, Бог паклапоціцца пра рост і, магчыма, ужо іншыя будуць збіраць ураджай”, - сказаў ён. Пантыфік пажадаў, каб душпастырства моладзі было “дынамічным, адкрытым на супрацоўніцтва, радасным, багатым на надзею, здольным рызыкаваць, упэўненым і заўсёды поўным Бога, бо менавіта ў Ім моладзь мае больш за ўсё патрэбы, каб задаволіць прагу паўнаты”.

Нарэшце, галоўнай матывацыяй, моцай усяго рэлігійнага жыцця Францішак назваў заданне весці маладых людзей да Бога, “каб былі святымі”. “Перад абліччам млявага, дрымотнага і стомленага жыцця ад вас патрабуецца заставацца нядрэмнымі, каб магчы абуджаць; ад вас патрабуецца быць прарокамі надзеі і навізны, прарокамі радасці праз ваша ўласнае жыццё, бо вядома, што найлепшае душпастырства моладзі і пакліканняў – гэта пражываць радасць уласнага паклікання”, - адзначыў Пантыфік.

Навіна ў фармаце аўдыё
15 чэрвеня 2019, 15:07