Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік да францішканаў: жывіце насуперак логіцы гэтага свету

Прапаведаванне, прабачэнне і міласэрнасць – адзіныя інструменты, з дапамогай якіх можна спыніць “крывацёк” духоўнага заняпаду святарскага і кансэкраванага жыцця, - перакананы Францішак.

17 чэрвеня 2019 г., у апошні дзень працы Генеральнага Капітула Ордэна Братоў Меншых Канвентуальных, Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане яго ўдзельнікаў. Сустрэча прайшла ў Клеменційскай зале Апостальскага палаца.

Звяртаючыся да канвентуальных францішканаў, Папа заўважыў, што іх місія – “быць жывым Евангеллем, жывым тлумачэннем Слова”, і цытуючы заснавальніка Ордэна, св. Францішка Асізскага, нагадаў, што Евангелле для іх – “правіла і жыццё”.

Шлях наследавання Езуса, працягнуў Святы Айцец, павінен характарызавацца, перш за ўсё, братэрствам – дарам, які, трэба прымаць з удзячнасцю. Ён заклікаў сваіх гасцей “жывіць братэрства духам святой малітвы і прысвячэння”.

“[Тады вашае братэрскае жыццё ў супольнасці стане формай прароцтва ў Касцёле і ў свеце; стане школай еднасці, якую трэба заўсёды практыкаваць, на ўзор св. Францішка, разам з любоўю і паслухмянасцю душпастырам]”

, - сцвердзіў Пантыфік.

Другой адметнасцю формы жыцця францішканаў з’яўляецца прымяншэнне, заўважыў Святы Айцец і прызнаў, што “гэта цяжкі выбар, таму што ён супярэчыць логіцы свету: шукаць поспеху любым коштам, займаць першыя месцы і абыходзіцца як гаспадары”.

“Няхай быць слугамі, служыць адзін аднаму будзе вашым адзіным памкненнем. Пражыванае такім чынам, вашае існаванне будзе прароцтвам у гэтым свеце, дзе амбіцыі ўлады – вялікая спакуса”, - пажадаў Францішак.

Нарэшце, Папа заахвоціў братоў францішканаў прапаведаваць супакой і прымірэнне – з самімі сабой, з Богам, з іншымі людзьмі і з усім стварэннем.

“[Гэта прымірэнне ў форме канцэнтрычных кругоў, якое пачынаецца ў сэрцы і пашыраецца на ўвесь сусвет, хоць насамрэч выходзіць з сэрца Бога, з сэрца Езуса]”

, - заўважыў Папа.

Ён пажадаў паслядоўнікам св. Францішка з Асізі “быць вешчунамі міру, найперш, праз сваё жыццё, а потым – праз словы”, “быць інструментамі прабачэння і міласэрнасці”. Для гэтага, падкрэсліў Святы Айцец, патрэбна адпаведная падрыхтоўка, глыбокія выхавацелі і эксперты ў слуханні і ў шляхах, што вядуць да Бога, здольныя суправаджаць іншых на гэтай дарозе.

“Толькі так мы зможам спыніць, хаця б часткова, крывацёк духоўнага заняпаду, які закранае святарскае і кансэкраванае жыццё”, - завяршыў сваю прамову Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 чэрвеня 2019, 14:22