logo_mobile_1435824367_1495112930aem.jpg

Пантыфік да фонду Centesimus Annus пра інтэгральную экалогію

Папа ўдзячны фонду Centesimus Annus pro Pontifice за ўклад у пашырэнне інтэгральнай экалогіі. 8 чэрвеня 2019 г. ён прыняў прадстаўнікоў каталіцкай структуры на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Сёлетні рымскі форум Фонда быў прысвечаны рэфлексіі над папскім дакументам Laudato si' і заключаным у ім закліку да навяртання розуму і сэрца, з тым, каб развіццё інтэгральнай экалогіі стала прыярытэтным на міжнародным, нацыянальным і індывідуальным узроўнях.

Папа заўважыў, што за чатыры гады з дня публікацыі энцыклікі, сітуацыя змянілася ў лепшы бок: адбыўся рост інвестыцый у аднаўляльныя і ўстойлівыя крыніцы энергіі; з’явіліся новыя метады энергаэфектыўнасці; нарадзілася больш высокая адчувальнасць, асабліва сярод маладых людзей, да экалагічных праблем.

Аднак у той жа час застаецца шэраг выклікаў і праблем, заўважыў Францішак. На яго думку, прагрэс у дасягненні мэтаў устойлівага развіцця ў некаторых выпадках запаволены або нават не існуе. Няправільнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў і ўжыванне мадэляў развіцця, якія не з’яўляюцца інклюзіўнымі і ўстойлівымі, па-ранейшаму аказваюць негатыўны ўплыў на ўзровень беднасці, сацыяльны рост і сацыяльную роўнасць; агульнае дабро знаходзіцца пад пагрозай неабмежаванага індывідуалізму, спажывальніцтва і марнатраўнасці. Усё гэта, падкрэсліў Папа, абцяжарвае садзейнічанне эканамічнай, экалагічнай і сацыяльнай салідарнасці і ўстойлівасці ў больш гуманнай эканоміцы, у якой лічыцца не толькі задавальненне непасрэдных жаданняў, але і дабрабыт будучых пакаленняў.

Па гэтай прычыне слова “навяртанне” набывае асаблівае значэнне ў нашай сітуацыі, паколькі адэкватны адказ на бягучыя праблемы не можа быць павярхоўным. Вельмі патрэбна навяртанне розуму і сэрца. Імкненне да пераадолення такіх праблем, як голад і харчовая бяспека, сацыяльныя і эканамічныя бедствы, дэградацыя экасістэм і “культура адчужэння”, патрабуе аднаўлення этычнага бачання, якое ставіць чалавека ў цэнтры ўсяго, нікога не пакідаючы за межамі жыцця. Існуе неабходнасць у канцэпцыі, якая аб’ядноўвае, а не падзяляе, уключае, а не выключае, звярнуў увагу Францішак.

Супольнае фота з Францішкам
Супольнае фота з Францішкам

Развіццё інтэгральнай экалогіі – гэта і заклік, і задача. Гэта заклік аднавіць нашу ідэнтычнасць як сыноў і дачок нашага Нябеснага Айца, якія былі створаны па Боскім вобразе, і якім было даручана быць распарадчыкамі зямлі, нагадаў Пантыфік. У сувязі з гэтым заклік да салідарнасці як братоў і сясцёр і да агульнай адказнасці за наш агульны дом становіцца ўсё больш і больш актуальным.

Францішак лічыць, што задача, якая стаіць перад чалавецтвам, заключаецца ў змене мадэляў глабальнага развіцця і адкрыцці новага дыялогу пра будучыню нашай планеты.

Папа пажадаў прадстаўнікам Фонду Centesimus Annus pro Pontifice, каб іх рэфлексія падчас форума дапамагла ў глыбокай трансфармацыі на ўсіх узроўнях сучаснага грамадства: асоб, карпарацый, інстытутаў і палітыкі. Святы Айцец лічыць, што, хоць гэтая задача здаецца складанай, не варта губляць надзеі, бо яна заснавана на міласэрнай любові Бога.

“У сэрцы гэтага свету заўсёды прысутнічае Пан, Які так моцна любіць нас. Ён не адмаўляецца ад нас, не пакідае нас, бо канчаткова аб’яднаўся з нашай зямлёй, а Яго любоў пастаянна прымушае нас знаходзіць новыя шляхі”, - завяршыў сваё разважанне Папа.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 чэрвеня 2019, 12:45