Пошук

Арцыбіскуп Іньяцыа Сана Арцыбіскуп Іньяцыа Сана 

Новы старшыня Папскай тэалагічнай акадэміі

3 чэрвеня 2019 г. Францішак прызначыў новага старшыню Папскай тэалагічнай акадэміі. Ім стаў арцыбіскуп Іньяцыа Сана, пастыр архідыяцэзіі Арыстана на пенсіі і ганаровы акадэмік узгаданай установы.

Іньяцыа Сана нарадзіўся ў 1942 г. у Арунэ на італьянскім востраве Сардзінія. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў у 1967 г. Праз год пачаў вучобу ў Папскай касцёльнай акадэміі ў Рыме. Абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі ў Папскім латэранскім універсітэце, дысертацыю па філасофіі ў італьянскім дзяржаўным універсітэце “Ля Сапіенца” і дысертацыю па кананічным праве зноў у Папскім латэранскім універсітэце.

З 1972 г. знаходзіўся на дыпламатычнай службе Апостальскай Сталіцы. Быў сакратаром нунцыятуры ў Эквадоры. Потым – касцёльным асістэнтам Федэрацыі каталіцкіх студэнтаў, а таксама галоўным касцёльным асістэнтам моладзевага крыла “Каталіцкай акцыі”.

З 1988 па 1994 гг. – дэкан тэалагічнага факультэта Папскага латэранскага ўніверсітэту. З 1998 г. да атрымання біскупскай сакры ў 2006 г. быў прарэктарам узгаданай навучальнай установы. Член Папскай тэалагічнай акадэміі і Міжнароднай тэалагічнай камісіі.

Папская тэалагічная акадэмія была заснавана ў Рыме Кліментам ХІ у 1718 г. Яе місія заключаецца ў спрыянні дыялогу паміж верай і розумам і глыбокім вывучэнні хрысціянскага вывучэння, згодна з указаннямі Святога Айца.

Арцыбіскуп Іньяцыа Сана змяніў на пасадзе старшыні акадэміі канадскага святара, кс. Рыла Трэмбле, які кіраваў установай на працягу пяцігадовага тэрміну з 21 чэрвеня 2014 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 чэрвеня 2019, 13:33