Пошук

1560510184399.JPG

Францішак заклікаў да радыкальных перамен у энергетычнай сферы

Будучыя пакаленні не павінны плаціць за нашу безадказнасць, падкрэсліў Папа падчас сустрэчы з прадстаўнікамі нафтавых кампаній з розных частак свету. Яна прайшла 14 чэрвеня 2019 г. у Ватыкане.

Лідэры буйных міжнародных карпарацый прымалі ўдзел у канферэнцыі, арганізаванай Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Звяртаючыся да сваіх гасцей, Францішак заўважыў, што “актуальны экалагічны крызіс”, у прыватнасці кліматычныя змены, “пагражае будучыні чалавечай сям’і”. Гэта не “перабольшванне”, падкрэсліў ён. Папа нагадаў, што на працягу доўгага часу “ігнараваліся навуковыя паказчыкі”, а на “катастрафічныя прагнозы” глядзелі з “пагардай і іроніяй”.

Пантыфік звярнуў увагу на рызыку наступлення незваротных наступстваў для экалогіі, таму трэба “прадпрыняць неабходныя меры, каб не дапусціць здзяйснення цяжкой несправядлівасці ў адносінах да бедных і будучых пакаленняў”.

“[Мы павінны дзейнічаць з адказнасцю, добра ўсведамляючы ўплыў нашых учынкаў у каротка- і доўгатэрміновай перспектыве]”

, - заклікаў ён.

Папа нагадаў, што ад кліматычнага крызісу найбольш пакутуюць бедныя. Таксама і будучыя пакаленні рызыкуюць атрымаць планету ў вельмі занядбаным стане. “Нашы дзеці і ўнукі не павінны расплачвацца за безадказнасць нашага пакалення”, - сказаў ён.

Францішак пажадаў, каб пераход да грамадства з нізкім узроўнем выкарыстання выкапнёвага паліва, не суправаджаўся ростам беспрацоўя, а зямныя рэсурсы выкарыстоўваліся з адказнасцю і транспарэнтнасцю.

“[Цывілізацыя патрабуе энергіі, але выкарыстанне энергіі не павінна знішчыць цывілізацыю]”

, - сказаў Папа. Патрэбны “радыкальны энергетычны пераход, каб выратаваць наш супольны дом”, дадаў ён.

“Дарагія сябры, час не чакае! Разважанні павінны выходзіць за рамкі простых даследаванняў адносна таго, што можна зрабіць і канцэнтравацца на тым, што трэба зрабіць. Мы не можам дазволіць сябе такой раскошы, як чаканне пакуль іншыя пачнуць рабіць нешта, ці наданне прыярытэту кароткатэрміновай эканамічнай выгадзе. Кліматычны крызіс патрабуе ад нас неадкладных дзеянняў, тут і зараз Касцёл цалкам задзейнічаны ў выкананні таго, што яму належыць!”, - запэўніў Пантыфік.

Навіна ў фармаце аўдыё
14 чэрвеня 2019, 15:51