1560934999902.JPG

Францішак: Дух Святы – крыніца Боскай прыцягальнасці

Касцёл нараджаецца з агню любові, з “пажару”, што разгараецца ў дзень Пяцідзясятніцы, з жыватворчай моцы Духа Святога, заўважыў Папа падчас агульнай аўдыенцыі 19 чэрвеня 2019 г. у Ватыкане.

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаных разважанню над зместам Кнігі Дзеяў Апосталаў, Святы Айцец засяродзіўся на сцэне аб’яўлення ўваскрослага Езуса вучням і Марыі ў Вячэрніку, дзе яны сабраліся на малітву.

Папа назваў гэтую падзею “Божым уварваннем”, якое не церпіць замкнёнасці: расчыняе дзверы моцай ветру, які нагадвае ruah – спрадвечны павеў, і выконвае абяцанне моцы, дадзенае Езусам перад унебаўшэсцем (пар. Дз 1, 8)”. Знянацку ўварваўся “шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі” (Дз 2, 2). А ўслед з’явіўся агонь.

“[У агні Бог перадае сваё жывое і дзейснае слова (пар. Гбр, 4, 12), якое адкрывае шлях у будучыню: агонь сімвалічна выяўляе Яго дзеянне па саграванні, прасвятленні і выпрабаванні сэрцаў, Яго руплівасць у праверцы трываласці чалавечых спраў, у іх ачышчэнні і ажыўленні]”

, - заўважыў Францішак.

Пра гэта сведчыць і прыклад апостала Пятра, чыё слова, першапачаткова слабое і здольнае нават да адрачэння ад Езуса, кранутае агнём Духа Святога, “набыло моц, стала здольным пранізваць сэрцы і весці да навяртання”. “Сапраўды, Бог выбірае слабое свету, каб асароміць моцных (пар. 1 Кар 1, 27)”, - падкрэсліў Папа.

“Такім чынам, Касцёл нараджаецца з агню любові, з “пажару”, што разгараецца ў дзень Пяцідзясятніцы і аб’яўляе моц Слова Уваскрослага, прасякнутага Духам Святым. Новы і канчатковы саюз ужо больш не заснаваны на законе, напісаным на каменных скрыжалях, але на дзеянні Божага Духа, Які ўсё абнаўляе і пранікае ў людскія сэрцы”, - сказаў Францішак.

Словы Апосталаў пад дзеяннем Духа Святога сталі новымі, іншымі і пры гэтым зразумелымі – нібы адначасова перакладзенымі на ўсе мовы свету, працягнуў Папа. На яго думку, гаворка ідзе пра “мову праўды і любові” – “універсальную мову, бо нават непісьменныя могуць яе зразумець”.

Францішак заўважыў, што “Дух Святы выяўляецца не толькі ў сімфоніі гукаў, якая аб’ядноўвае і гарманічна кампануе разнастайнасць”, але і як “дырыжор аркестра, які забяспечвае выкананне хвалебнай партытуры ў гонар велічных Божых спраў”.

“[Дух Святы – майстар адзінства, рамеснік прымірэння, які ўмее знішчаць бар’еры паміж юдэямі і грэкамі, паміж нявольнікамі і свабоднымі, каб учыніць з іх адно цела. Ён будуе супольнасць вернікаў, гарманізуючы цэласнасць цела і шматлікасць яго членаў. Дазваляе Касцёлу расці, дапамагаючы яму перавышаць чалавечыя абмежаванні, грахі і любы разлад]”

, - сказаў Святы Айцец.

З гэтага моманту, працягнуў Францішак, Дух Святы штурхае людскія сэрцы да прыняцця збаўлення, якое зыходзіць ад Езуса Хрыста. Менавіта Ён удыхнуў Духа, Які “дырыжыруе поліфаніяй хвалебных од і якога ўсе могуць слухаць”.

“Дух Святы стварае Боскую прыцягальнасць: Бог спакушае нас сваёй Любоўю і такім чынам залучае нас, каб рухаць наперад гісторыю і запускаць працэсы, праз якія прасочваецца новае жыццё. Толькі Дух Божы мае ўладу зрабіць чалавечным і братэрскім любую рэчаіснасць, пачынаючы з тых, хто Яго прымае”, - сказаў Пантыфік.

На заканчэнне катэхезы Францішак заклікаў вернікаў прасіць Бога, каб дазволіў адчуць новую Пяцідзясятніцу, якая б абагаціла сэрцы і прывяла чалавечыя пачуцці ў адпаведнасць з пачуццямі Езуса, каб кожны мог без сораму абвяшчаць Яго слова, што абнаўляе, і каб мог сведчыць пра моц любові, якая заклікае да жыцця ўсё, што сустракае на сваім шляху.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 чэрвеня 2019, 13:16