Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: навучыцца ў дзяцей здзіўляцца жыццю

Трэба навучыцца ў дзяцей здзіўляцца жыццю і ўваходзіць у кантакт з жыццём, перакананы Папа. Ён заклікаў спрасціць бюракратычныя працэдуры, звязаныя з усынаўленнем і ўдачарэннем.

24 мая 2019 г. Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане кіраўніцтва, супрацоўнікаў і выхаванцаў “Прытулку нявінных” (Ospedale degli Innocenti) – старажытнай фларэнтыйскай выхаваўчай установы для сірот і жанчын у цяжкой жыццёвай сітуацыі.

Звяртаючыся да сваіх гасцей, Папа заклікаў развіваць “культуру дзіцяці” – здольнасць здзіўляцца жыццю і ўваходзіць у кантакт з жыццём, як гэта робяць дзеці.

Пантыфік прыгадаў, што Евангелле кажа не проста прымаць дзяцей, але станавіцца як дзеці, каб увайсці ў Нябеснае Валадарства.

“[Менавіта гэтаму павінна навучыць нас культура дзіцяці. Мы павінны нейкім чынам вярнуцца да дзіцячай прастаты і асабліва да здольнасці здзіўляцца. Здзіўленне! Наш Бог – гэта Бог, Які здзіўляе, і мы павінны навучыцца гэтаму]”

, - сказаў ён.

Францішак спаслаўся на старажытны звычай, калі маці, што пакідалі сваіх дзяцей у прытулку, вешалі ім на шыю палову медальёна, іншую частку якога захоўвалі ў сябе, з надзеяй калісьці вярнуцца і дзякуючы яму распазнаць сваё дзіця. Папа заўважыў, што і зараз у свеце вельмі шмат пакінутых дзяцей: ахвяр войнаў, міграцыі і голаду.

“[Гэта дзеці з паловай медальёна. А хто мае іншую палову? – Маці Касцёл! Іншую палову маем мы!]”

, - сцвердзіў Пантыфік.

Святы Айцец пажадаў, каб развіццю культуры ўсынаўлення і ўдачарэння не перашкаджалі складаныя бюракратычныя працэдуры і карупцыя.

“Існуе шмат, шмат сем’яў, што не мае дзяцей і мела б жаданне ўзяць да сябе пакінутае дзіця: трэба ісці наперад, ствараць культуру ўсынаўлення пакінутых дзяцей, самотных, ахвяр войнаў і іншых з’яў; каб людзі навучыліся бачыць гэту палову медальёна і казаць: “Таксама і ў мяне ёсць іншая”. Прашу вас працаваць над гэтым!”, - заахвоціў Францішак сваіх гасцей.

“Прытулак нявінных”, гэта адзін з першых у свеце прытулкаў для сірот. Яго будынак з’яўляецца шэдэўрам эпохі Адраджэння, пабудаваным знакамітым архітэктарам Філіпа Брунэлескі.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 мая 2019, 13:19