Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак пра ролю манахінь: служыць, а не прыслугоўваць

Трэба яшчэ працаваць над разуменнем ролі манахінь у Касцёле, адзначыў Папа падчас сустрэчы з генеральнымі настаяцельніцамі жаночых манаскіх супольнасцей.

10 мая 2019 г. Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ўдзельніц ХХІ Пленарнай асамблеі Міжнароднага аб’яднання генеральных настаяцельніц (Unione Іnternazionale Superiore Generali). У форуме ўдзельнічалі каля 850 манахінь з розных частак свету.

Папа высока ацаніў мужнасць, з якой жаночыя манаскія супольнасці шукаюць сваё месца ў Касцёле і сучасным свеце. Адным з прыкладаў гэтага з’яўляецца прыстасаванне вопраткі манахінь да той місіі, якую яны выконваюць. Папа заўважыў, што яшчэ 30 гадоў таму манаскае адзенне законніц не было такім разнастайным як сёння. Але ў наш час можна ўбачыць манахінь у свецкай, традыцыйнай, народнай, сучаснай вопратцы.

“Дзякую вам за шлях абнаўлення, якім крочыце. Ён заўсёды рызыкоўны. Пастаянна ўзрастаць – гэта рызыкоўна, але больш рызыкоўна – гэта спалохацца і не расці”, - папярэдзіў Францішак.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што манахіні “не павінны станавіцца хатнімі работніцамі ў святароў”. “Не для таго вы станавіліся манахінямі, каб быць прыслугай святара. (...) Служэнне – так. Прыслугоўванне – не!”, - дадаў Папа.  

Паводле Францішка, законніцы могуць выконваць служэнне ў розных сферах, нават быць кіраўніцамі ватыканскіх дыкастэрый. Ён прыгадаў, што, калі быў арцыбіскупам Буэнас-Айрэса, яго дыяцэзіяльным канцлерам была жанчына. І так бывае ў многіх іншых дыяцэзіях свету, падкрэсліў Папа.

Пантыфік пазнаёміў манахінь з вынікамі даследаванняў на тэму дыяканату жанчын у Каталіцкім Касцёле. Яны праводзіліся, каб зразумець, што на гэту тэму гаворыцца, у тым ліку, у Аб’яўленні. Нельга ўстанаўліваць сакрамэнтальнага служэння для жанчын, калі гэтага не жадаў Езус. На цяперашні час вядома, што ўстанаўленне так званых дыяканэс, не мела сакрамэнтальнага характару, дадаў Папа.

Францішак звярнуў увагу на сітуацыю, звязаную са злоўжываннямі ў Касцёле. Касцёл мае вялікі сорам у сувязі з тым, што адкрывае на працягу апошніх дваццаці гадоў, але гэта “благаслаўлёны сорам”. Святы Айцец назваў праблему сур’ёзнай. Яе немагчыма вырашыць за адзін дзець, але Касцёл рашуча крочыць у напрамку яе пераадолення.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 мая 2019, 11:29