pope-francis-visits-bulgaria-1557050095235.JPG

Святы Айцец правёў прэс-канферэнцыю на борце самалёта

Сустракаючыся з журналістамі, падчас палёту з Скоп’е ў Рым, Папа падзяліўся сваімі ўражаннямі ад Балгарыі і Паўночнай Македоніі, стаўленнем да дыяканату жанчын, казаў пра адносіны з праваслаўнымі.

Францішак адзначыў, што ў абедзвюх краінах існуюць добрыя міжканфесійныя кантакты. “Ён – чалавек Божы!”, - сказаў Пантыфік пра Патрыярха Балгарскага Неафіта. Дадаў, што ў цэлым адносіны з Праваслаўнай Царквой добрыя, існуе добрая воля. “Мы – браты, і не можам праслаўляць Найсвяцейшую Тройцу не ўзяўшыся за рукі як браты”, - заўважыў Святы Айцец 7 мая 2019 г.

Іншае пытанне тычылася дыяканату жанчын у Каталіцкім Касцёле. Папа нагадаў, што існуюць розныя меркаванні адносна сакрамэнтальнага характару пасвячэння дыяканэс, але “няма ніякай упэўненасці ў тым, што пасвячэнне мела месца ў той жа форме і з той жа мэтай, як у выпадку пасвячэння мужчын”.

У канцы імправізаванай прэс-канферэнцыі Пантыфік прызнаў, што быў асабліва ўражаны пяшчотай, з якой сёстры Маці Тэрэзы ставяцца да бедных у Скоп’е, а таксама ўрачыстасцю Першай Святой Камуніі ў балгарскім Ракаўскім, што нагадала яму яго ўласны досвед з 1944 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
08 мая 2019, 14:46