Пошук

Vatican News
Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік скіраваў відэа-пасланне перад візітам у Балгарыю

“Візіт у Балгарыю стане для мяне і маіх супрацоўнікаў пілігрымкай пад знакам веры, адзінства і міру”, - зазначыў Папа ў відэа-пасланні, якое 3 мая 2019 г. скіраваў з нагоды падарожжа ў гэту балканскую краіну.

Францішак падкрэсліў, што ад таго часу, як святыя Кірыл і Мятод пачалі сеяць Евангелле на тэрыторыі Балгарыі, яна з’яўляецца “радзімай сведкаў веры”. Іх сеянне было плённым і прынесла багатыя плады, у тым ліку ў “складаныя перыяды мінулага стагоддзя”, падкрэсліў Папа.

“Гэта часта паўтараў св. Ян Павел ІІ, які прагнуў, каб Еўропа нанова адкрыла Хрыстовую сілу, што нясе вызваленне; а таксама, каб магла зноў пачаць дыхаць сваімі дзвюма лёгкімі. Як і ён я буду мець радасць сустрэцца з Яго Святасцю Патрыярхам і Святым Сінодам Балгарскай Праваслаўнай Царквы. Разам мы засведчым жаданне ісці за Панам Езусам па шляху братэрскай еднасці паміж хрысціянамі”, - сказаў Пантыфік.

Відэа-пасланне Святога Айца

Францішак заўважыў, што яго пілігрымка пройдзе ў памяць аб св. Яне ХХІІІ, які “на працягу амаль дзесяці гадоў, якія правёў у Сафіі ў якасці Апостальскага дэлегата”, стварыў з балгарскім народам “повязь павагі і любові, што трывае дагэтуль”. “Ён быў чалавекам веры, еднасці і міру. Таму я выбраў у якасці дэвізу падарожжа назву яго гістарычнай энцыклікі: “Pacem in terris” – “Мір на зямлі”, - нагадаў Францішак.

На заканчэнне відэа-паслання Святы Айцец папрасіў аб малітоўным суправаджэнні яго падарожжа, а таксама пажадаў Балгарыі росквіту і міру.

Апостальскае падарожжа Папы ў Балгарыю пройдзе з 5 па 6 мая 2019 г. Ён наведае гарады Сафія і Ракаўскі, пасля чаго накіруецца з аднадзённым візітам у Паўночную Македонію.

Навіна ў фармаце аўдыё
03 мая 2019, 12:00