Vatican News
Папа падчас сустрэчы са спікерам парламента Паўночнай Македоніі Папа падчас сустрэчы са спікерам парламента Паўночнай Македоніі  (Vatican Media )

Пантыфік прыняў дэлегацыі Балгарыі і Паўночнай Македоніі

Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўрадавыя дэлегацыі Балгарыі і Паўночнай Македоніі. Сустрэчы прайшлі 24 мая 2019 г. у ватыканскім Апостальскім палацы.

Балгарская дэлегацыя прыбыла ў Ватыкан з нагоды свята святых Кірыла і Мятода, якое адзначаецца праваслаўнымі вернікамі 24 мая. Карыстаючыся нагодай, Папа падзякаваў за прыём, які сустрэў у гэтай краіне падчас свайго нядаўняга візіту. Ён падкрэсліў, што быў уражаны павагай да пажылых людзей у балгарскім грамадстве, а таксама вялікай колькасцю дзяцей, якія прынялі Першую св. Камунію ў Ракаўскім. Пантыфік пераказаў прывітанне Патрыярху Балгарскай Праваслаўнай Царквы Неафіту, якога назваў чалавекам веры, пакоры і глыбіні.

Падчас аўдыенцыі для дэлегацыі Паўночнай Македоніі Францішак таксама выказаў падзяку за цёплы прыём, які быў яму аказаны падчас нядаўняга візіту. Ён асабліва ўзгадаў пра св. Імшу, якую цэлебраваў у Скоп’е і пра наведванне Мемарыялу Маці Тэрэзы з Калькуты. Папа прызнаўся, што быў глыбока крануты сустрэчай з паўночнамакедонскай моладдзю розных рэлігій, якая стала важным знакам братэрства. Ён падкрэсліў той факт, што Паўночная Македонія з’яўляецца гістарычнай брамай, праз якую хрысціянства ўвайшло ў Еўропу.

Апостальскае падарожжа Францішка ў Балгарыю і Паўночную Македонію прайшло 5-7 мая 2019 г. 

Навіна ў фармаце аўдыё
24 мая 2019, 12:36