pope-francis-general-audience-1557312831950.jpg

Пантыфік прааналізаваў візіт у Балгарыю і Паўночную Македонію

Апостальскае падарожжа ў Балгарыю і Паўночную Македонію было галоўнай тэмай агульнай аўдыенцыі, якая 8 мая 2019 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Францішак прызнаўся, што ў Балгарыю яго прывяла жывая памяць пра св. Яна ХХІІІ, які быў накіраваны ў краіну ў 1925 г. у якасці візітатара, а затым Апостальскага дэлегата. “Натхнёны яго прыкладам добразычлівасці і душпастырскай любові, я сустрэў народ, пакліканы быць мостам паміж Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёвай Еўропай”, - сказаў Пантыфік.

“Праз дэвіз “Pacem in terris” я заклікаў усіх крочыць шляхам братэрства. На гэтым шляху я меў радасць зрабіць крок наперад, у прыватнасці падчас сустрэчы з Патрыярхам Балгарскай Праваслаўнай Царквы Неафітам і членамі Святога Сінода.

“[Сапраўды, наша хрысціянскае пакліканне і місія заключаецца ў тым, каб заставацца знакам і інструментам адзінства. І з дапамогай Святога Духа мы можам быць ім, аддаючы перавагу таму, што нас яднае, а не раздзяляла ці яшчэ раздзяляе]”

, - дадаў ён.

Францішак нагадаў, што Балгарыя была евангелізавана святымі Кірылам і Мятодам, перад іконай якіх ён маліўся ў праваслаўным саборы ў Сафіі. Гэтыя два місіянеры грэчаскага паходжання змаглі “перадаць хрысціянскае пасланне славянскім народам і стварылі алфавіт, з дапамогай якога пераклалі на славянскую мову Біблію і літургічныя тэксты”.

“[І сёння існуе патрэба ў адданых і стваральных евангелізатарах, каб Евангелле прыйшло да людзей, якія яго яшчэ не ведаюць, і магло нанова акрапіць землі, дзе засохлі старажытныя хрысціянскія карані. ]”

, - сказаў Папа.

У гэтай перспектыве я двойчы цэлебраваў Эўхарыстыю з каталіцкай супольнасцю ў Балгарыі і заахвоціў яе быць плённай і поўнай надзеі. Яшчэ раз дзякую гэтаму Божаму народу, які прадэманстраваў моцную веру і моцную любоў”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што апошняй часткай яго падарожжа ў Балгарыю стала малітва разам з прадстаўнікамі розных рэлігій, падчас якой група дзяцей запаліла агеньчыкі, сімвал веры і надзеі.

Гаворачы пра свой візіт у Паўночную Македонію, Пантыфік заўважыў, што тут яго суправаджала моцная духоўная прысутнасць св. Маці Тэрэзы з Калькуты, якая нарадзілася ў 1910 г. у Скоп’е, дзе была ахрышчана і навучылася любіць Езуса.

“У гэтай жанчыне, невялікай, але, дзякуючы дзейнасці Святога Духа, напоўненай сілай мы бачым вобраз Касцёла ў гэтай краіне і на іншых перыферыях свету: малую супольнасць, якая з дапамогай Хрыстовай ласкі становіцца гасцінным домам, дзе многія знаходзяць суцяшэнне ў сваім жыцці. У Мемарыяле Маці Тэрэзы я маліўся ў прысутнасці іншых рэлігійных лідараў і вялікай групы бедных, а таксама благаславіў вуглавы камень санктуарыя, ёй прысвечанага”, - падкрэсліў Папа.

Францішак заўважыў, што сваім візітам пажадаў падтрымаць традыцыйную здольнасць балканскай краіны станавіцца прытулкам для розных этнічных і рэлігійных груп і падзякаваць за прыняцце вялікай колькасці мігрантаў і бежанцаў у крытычны перыяд 2015-2016 гг.

Святы Айцец заўважыў, што Паўночная Македонія – гэта маладая і невялікая краіна, якой трэба адкрываць шырокія гарызонты, не губляючы сваіх каранёў. Менавіта па гэтай прычыне важнай стала яго сустрэча ў моладдзю.

“[Гэта былі юнакі і дзяўчаты розных хрысціянскіх канфесій, а таксама іншых рэлігій, паяднаныя жаданнем будаваць нешта цудоўнае ў жыцці. Я заклікаў іх марыць пра вялікае і ўключацца ў гульню, як маладая Агнэс – будучая Маці Тэрэза, – слухаючы голас Бога, Які прамаўляе праз малітву і цела братоў у патрэбе]”

, - сказаў Папа.

“Акрамя сведчанняў моладзі, у Скоп’е я слухаў святароў і кансэкраваных асоб. Мужчыны і жанчыны, якія прынеслі ў дар Хрысту сваё жыццё. Рана ці позна ў іх з’явіцца спакуса сказаць: “Пане, чым з’яўляецца мой маленькі дар перад абліччам вялікіх праблем Касцёла і свету?”. Таму я нагадаў ім, што малая колькасць закваскі можа дапамагчы падняцца ўсяму цесту, а малая колькасць духмянага алею, чыстага і канцэнтраванага, напаўняе добрым пахам усё асяроддзе”, - дадаў Пантыфік.

Гаворачы пра св. Імшу ў Скоп’е, Папа заўважыў, што падчас яе на адной з сучасных перыферый Еўропы адбыўся цуд Бога, Які з дапамогай некалькіх рыб і хлябоў, паламаных і падзеленых, заспакоіў голад мноства людзей.

“Даверым Яго невычэрпнаму Провіду сучаснасць і будучыню народаў, якія я наведаў падчас падарожжа. Запрашаю ўсіх вас маліцца да Маці Божай, каб благаславіла гэтыя дзве краіны: Балгарыю і Паўночную Македонію”, - заклікаў на заканчэнне сваёй катэхезы Пантыфік.

Навіна ў фармаце аўдыё

 

08 мая 2019, 12:22