Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: мастацтва павінна быць даступна ўсім, асабліва бедным

24 мая 2019 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане каля 400 членаў Асацыяцыі італьянскіх касцёльных музеяў. Святы Айцец уручыў сваім гасцям тэкст загадзя падрыхтаванай прамовы.

Папа заўважыў, што колькасць касцёльных музеяў у Італіі пастаянна павялічваецца. Ён пажадаў, каб сустрэча з гісторыяй, культурай, архітэктурай была даступна для ўсіх, каб існавала супрацоўніцтва паміж музеямі розных касцёльных і манаскіх супольнасцей, якія знаходзяцца ў адным рэгіёне.

Паводле Францішка, музеі могуць паспрыяць паляпшэнню якасці жыцця людзей, становячыся прасторай для адносін і магчымасцю стварэння супольнасці. Музеі падтрымліваюць усведамленне тоеснасці, якая “дапамагае адчуваць сябе дома”. “Яны заўсёды дапамагаюць узняць позірк да прыгожага”, - дадаў Пантыфік.

“Музеі, у якіх вы працуеце, прадстаўляюць аблічча Касцёла, яго мастацкую і рамесленную плённасць, яго пакліканне перадаваць пасланне, якое з’яўляецца Добрай Навіной. Гэта пасланне не для групы выбраных, але для ўсіх. Усе маюць права на прыгожую культуру, асабліва самыя бедныя і апошнія, якія павінны ёй карыстацца як Божым дарам!”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак звярнуў увагу на важнасць выхаваўчай дзейнасці касцёльных музеяў, а таксама заклікаў да дыялогу з сучаснымі мастакамі, якія карыстаюцца “мовай”, да якой больш прызвычаена моладзь. Акрамя таго, касцёльныя музеі павінны быць “рэхам святасці Божага народу”, сцвердзіў Папа.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 мая 2019, 14:42