2019-05-05-viaggio-apostolico-bulgaria-macedo-1557224330270.JPG

Святы Айцец на Імшы ў Скоп’е: давайце размаўляць на “мове хлеба”

Размаўляць на “мове хлеба, якая кажа аб пяшчоце” да бліжняга, “аб любові канкрэтнай і адчувальнай”, заклікаў Папа 7 мая 2019 г. у Скоп’е, адпраўляючы св. Імшу на галоўнай плошчы горада.

У сваёй гаміліі Францішак спаслаўся на фрагмент Евангелля св. Яна: “Езус адказаў ім: Я ёсць хлеб жыцця; хто да Мяне прыходзіць, не будзе галодны, і хто верыць у Мяне, ніколі не будзе прагнуць” (6, 35). Сведкі размнажэння хлябоў зразумелі, што голад мае і іншыя імёны: голад Бога, голад братэрства, голад сустрэчы і супольнага святкавання, заўважыў Папа. Ён дадаў, што сённяшні чалавек ужо прызвычаіўся да “чэрствага хлеба дэзінфармацыі”, “карміў сябе марамі аб бляску і велічы, а скончыў спажываннем забаў, замкнёнасці і адзіноты”, “наеўся сацыяльнымі сеткамі, але страціў смак братэрства”, “зняволены віртуальнай рэальнасцю, страціў густ і водар рэчаіснасці”.

“[Мы згаладаліся, Пане, як той натоўп, і жадаем размнажэння Тваёй міласэрнасці, здольнага разбурыць стэрэатыпы і дзяліцца. (...) Скажам цвёрда і без страху, мы галодныя хлеба, Пане: хлеба Твайго слова і хлеба братэрства]”

, - заўважыў Пантыфік.

Францішак адзначыў, што гэты голад хлеба братэрства і Бога разумела св. Тэрэза з Калькуты. “Яна ішла да Пана, але адначасова набліжалася да пагарджанага, нелюбімага, самотнага і забытага брата”, - звярнуў увагу ён.

“[Давайце падтрымліваць адно аднаго ў імкненні ўстаць і спазнаць багацце любові. Дазволім Богу заспакоіць нашы голад і смагу ў сакрамэнце алтара і ў сакрамэнце брата]”

, - заклікаў Папа ў канцы сваёй гаміліі.

Перад благаслаўленнем, Францішак падзякаваў тым, хто ўдзельнічаў у падрыхтоўцы яго візіту, між іншым, грамадзянскім уладам Паўночнай Македоніі, сілам парадку і валанцёрам. “Са свайго боку, я памятаю пра ўсіх у маіх малітвах, і прашу вас, калі ласка, маліцеся за мяне”, - сказаў на развітанне Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 мая 2019, 13:05