Пошук

1559308957638.JPG

Папа да Праваслаўнай Царквы Румыніі: ісці і маліцца разам

Многія хрысціяне Румыніі “зведалі пятніцу пераследу, прайшлі праз суботу цішыні, пражылі нядзелю адраджэння”: гэта супольная спадчына заклікае нас не аддаляцца адно ад аднаго, перакананы Папа.

31 мая 2019 г. у другой палове дня ў Палацы Праваслаўнага Патрыярхату Румыніі ў Бухарэсце Францішак правёў сустрэчу з Патрыярхам Румынскім Даніілам і членамі Пастаяннага Сінода Румынскай Праваслаўнай Царквы.

Францішак узгадаў гістарычную сустрэчу папярэднікаў – святога Яна Паўла II і Патрыярха Румынскага Феактыста – у Бухарэсце дваццаць гадоў таму і назваў яе “прароцтвам, з якога распачаўся новы час: час сумеснага шляху ў адкрыцці і абуджэнні братэрства, якое аб’ядноўвае” католікаў і праваслаўных. Папа заклікаў і надалей моцна трымацца памяці агульных каранёў, “памяці еднасці” і разам услухоўвацца ў голас Пана, асабліва ў гэты час, пазначаны “хуткімі сацыяльнымі і культурнымі зменамі”.

“[Мы маем патрэбу ў тым, каб дапамагаць адзін аднаму не паддацца спакусам культуры нянавісці і індывідуалізму, якая, можа, ужо і не з’яўляецца ідэалагічнай, як у часы атэістычнага пераследу, аднак стала больш пераканаўчай і застаецца не менш матэрыялістычнай. Часта яна прадстаўляе ў якасці шляху развіцця тое, што выглядае імгненным і эфектыўным, хоць на справе з’яўляецца абыякавым і павярхоўным]”

, - перасцярог Пантыфік.

Падарожжа дасягае сваёй мэты праз настойлівую малітву з просьбай, каб Бог заставаўся з намі, працягнуў Святы Айцец. Бог заклікае да міласэрнасці, да сумеснага служэння, і ў гэтым сэнсе добры прыклад даюць многія румынскія праваслаўныя супольнасці, якія “выдатна супрацоўнічаюць са шматлікімі каталіцкімі дыяцэзіямі Заходняй Еўропы”, - заўважыў Папа.

Нарэшце, Францішак заклікаў праваслаўных лідараў Румыніі “ісці разам у кірунку новай Пяцідзясятніцы”.

“Шлях, які нас чакае, пралягае ад Вялікадня да Пяцідзясятніцы: ад велікоднага світання адзінства, што ўзышло тут дваццаць гадоў таму, мы накіроўваемся да новай Пяцідзясятніцы. (…) Няхай нас абновіць Дух Святы, які не прымае аднолькавасць і любіць надаваць форму адзінству ў найпрыгажэйшай і гарманічнай разнастайнасці”, - пажадаў Святы Айцец.

Навіна ў фармаце аўдыё
31 мая 2019, 15:16