Папа падчас св. Імшы ў Ракаўскім Папа падчас св. Імшы ў Ракаўскім 

Папа да першакамунійных дзяцей: наша мова – любоў

“Пан мае ў вас патрэбу, каб учыніць цуд і дасягнуць сваёй радасцю вашых шматлікіх сяброў і блізкіх”, - сказаў Папа дзецям, якім удзяліў Першую св. Камунію.

6 мая 2019 г. Францішак цэлебраваў урачыстую св. Імшу ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў горадзе Ракаўскі, які знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Балгарыі. Пераважную большасць яго насельніцтва складаюць католікі. Прыняць Першую св. Камунію з рук Папы сюды прыбылі дзеці з усёй краіны. 

Пантыфік падкрэсліў, што Езус, хоць і памёр на крыжы і быў пакладзены ў магілу, дагэтуль жыве і прысутнічае сярод вернікаў, якія могуць сустрэць Яго ў Эўхарыстыі. “Мы не бачым Яго вачыма, але бачым Яго вачыма веры”, - сказаў Папа.

Рэпартаж са св. Імшы ў Ракаўскім

Святы Айцец заклікаў дзяцей мець сэрцы, здольныя дзяліцца, марыць, дзякаваць, давяраць і з павагай да ставіцца да людзей.

“Прымаць Першую св. Камунію значыць прагнуць кожны дзень станавіцца ўсё больш і больш паяднанымі з Езусам, узрастаць у сяброўстве з Ім і жадаць, каб таксама і іншыя маглі адчуць радасць, якую Ён хоча нам падарыць”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак нагадаў, што Касцёл менавіта праз Эўхарыстыю выражае братэрскую еднасць паміж усімі сваімі членамі. “Вось нашы пашпартныя дадзеныя: Бог – наш Айцец, Езус – наш Брат, Касцёл – наша сям’я, мы ўсе – браты, наша мова – любоў”, - сказаў першакамунійным дзецям Пантыфік.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 мая 2019, 11:12