Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа да моладзі: працягнуць руку тым, хто жыве ў патрэбе

Папа звярнуўся да італьянскай моладзі з нагоды Дня законнасці, які адзначаецца 23 мая. Адмысловае пасланне ён скіраваў на імя старшыні Дзяржаўнага Савету Італьянскай Рэспублікі Філіпа Патроні Грыфі.

Святы Айцец заклікаў юнакоў і дзяўчат рабіць “больш прыгожымі і прыдатнымі для жыцця нашы гарады”.

“Раўнадушша, якое знішчае адносіны, можна перамагчы з дапамогай вашай здольнасці працягваць руку, асабліва тым, хто жыве ў патрэбе. Няхай ваша шчодрасць і здольнасць быць ласкавымі стануць бар’ерамі для пагарды і цынізму, у тымі ліку вербальнага, што прыніжае людзей, якія і так падвяргаюцца цяжкім жыццёвым выпрабаванням. Няхай адрынутыя, асабліва маладыя, такія як вы, знойдуць у вашых сэрцах, свабодных і адкрытых, гасцінны порт”, - заклікаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што менавіта да такога стаўлення заклікае моладзь Евангелле Езуса. Ён прыгадаў словы з Апостальскай адгартацыі “Christus vivit”: “Тое, да чаго Ён дакранаецца, становіцца маладым, становіцца новым, напаўняе жыццём”.“Працягвайце марыць і рабіць усё тое, што можа зрабіць больш прыгожым і прыдатным для жыцця наш супольны дом”, - заклікаў моладзь Папа.

Дзень законнасці адзначаецца ў Італіі 23 мая. Менавіта ў гэты дзень, у 1992 г., ад рук мафіі загінуў сіцылійскі следчы суддзя Джавані Фальконэ. Ініцыятыва паклікана спрыяць выхаванню ў моладзі культуры павагі да закону.

Навіна ў фармаце аўдыё
23 мая 2019, 11:31